Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Притчи 8 глава
1 Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?
2 Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
3 яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
4 «Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
5 Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
6 Слухайце, таму што я буду казаць важнае, і выслоўе вуснаў маіх — праўда;
7 Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць — гідота для вуснаў маіх;
8 усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
9 усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
10 Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
11 бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
12 Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
13 Страх Гасподні — ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
14 У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
15 Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
16 Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
17 Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
18 багацьце і слава са мною — скарб нятленны, і праўда;
19 плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
20 Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
21 каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.
22 Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
23 адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
24 Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
25 Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
26 калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
27 Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
28 калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
29 калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:
30 тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
31 радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
32 Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!
33 Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.
34 Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!
35 Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;
36 а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».
Притчи 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча