Читай и изучай

Библия » Пераклад праваслаўнай царквы

Деяния 22 глава

1 Мужы́ браты́ і айцы́! вы́слухайце цяпер маё апраўда́нне перад вамі.
2 Пачуўшы, што ён загавары́ў з імі на яўрэйскай мове, яны яшчэ больш сцíшыліся. І ён сказаў:
3 я Іудзей, наро́джаны ў Та́рсе Кілікíйскім, а ўзгадава́ны ў гэтым горадзе каля ног Гамаліíла, наву́чаны даскана́ла айцоўскаму закону, шчы́ра адда́ны Богу, як і ўсе вы сёння;
4 паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння я перасле́даваў аж да смерці, звя́зваючы і кíдаючы ў цямнíцу мужчын і жанчын,
5 што засве́дчыць пра мяне першасвята́р і ўсе старэ́йшыны; ад іх узя́ўшы і лісты́ да братоў, я ішоў у Дама́ск, каб тых, што былí там, звяза́ць і прыве́сці ў Іерусалім для пакара́ння.
6 І ста́лася, калі я быў у дарозе і набліжа́ўся да Дама́ска, не́дзе апоўдні раптам заззя́ла вакол мяне з неба святло вялікае.
7 Я ўпаў на зямлю́ і пачуў голас, які гаварыў мне: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?
8 Я адказа́ў: хто Ты, Госпадзі? І Ён сказаў мне: Я Іісус Назарэй, Якога ты гоніш.
9 Тыя, што былí са мною, уба́чылі святло і спало́халіся, але го́ласу Таго, Хто гаварыў да мяне́, не чу́лі.
10 А я сказаў: што́ мне рабіць, Госпадзí Гасподзь жа сказаў мне: устань і ідзі ў Дама́ск, і там будзе табе ска́зана пра ўсё, што прызна́чана табе рабіць.
11 І паколькі я стаў невіду́шчым ад сла́вы святла́ гэтага, то павялí мяне за руку́ тыя, што былí са мною, і я прыйшоў у Дама́ск.
12 І нейкі Ана́нія, чалавек набо́жны па закону, што меў добрае све́дчанне ад усіх Іудзеяў, якія жылí ў Дама́ску,
13 прыйшоў да мяне і, стаўшы перада мною, сказаў мне: Саўл, брат, стань віду́шчым! І я ў той жа час уба́чыў яго.
14 Ён жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвы́браў цябе, каб ты спазна́ў волю Яго, убачыў Пра́ведніка і пачуў голас з ву́снаў Яго;
15 бо ты будзеш све́дкам Яго перад усімі людзьмí пра ўсё, што ты бачыў і чуў;
16 што ж ты цяпер мару́дзіш? устань, ахрысцíся і змый грахí свае, прызва́ўшы імя́ Госпада Іісуса.
17 І ста́лася, калі я вярну́ўся ў Іерусалім і маліўся ў храме, найшло́ на мяне захапле́нне,
18 і я ўба́чыў Яго, і Ён сказаў мне: паспяша́йся і вы́йдзі хутчэ́й з Іерусаліма, бо тут не пры́муць твайго све́дчання пра Мяне.
19 І я сказаў: Госпадзі! яны ведаюць, што я саджа́ў у цямніцу і біў у сінагогах тых, якія ве́руюць у Цябе́,
20 і калі праліва́лася кроў Сцяфа́на, све́дкі Твайго, я сам стаяў побач, і згаджа́ўся з забойствам яго, і сцярог адзе́нне тых, што забіва́лі яго.
21 І Ён сказаў мне: ідзі, бо Я пашлю́ цябе далёка да язы́чнікаў.
22 Да гэтага сло́ва слу́халі яго, а потым узнялí крык, ка́жучы: прэч з зямлі такога! бо ён не павíнен жыць.
23 Тым часам як яны крычалі, і рва́лі адзе́нне, і ўздыма́лі пыл у паветра,
24 тысячанача́льнік загада́ў уве́сці яго ў крэпасць і наказа́ў бічава́ць яго, дазна́цца з якой прычы́ны так крычалі на яго.
25 Калі ж расцягну́лі яго рамяня́мі, Павел сказаў сотніку, які стаяў побач: хіба дазво́лена вам бічава́ць Ры́мскага грамадзя́ніна, прычы́м не асу́джанага?
26 Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і паве́даміў тысячанача́льніку, ка́жучы: глядзі, што ты збіра́ешся рабіць? гэты ж чалавек — Ры́мскі грамадзя́нін.
27 Тады тысячанача́льнік, падышо́ўшы, прамо́віў да яго: скажы мне, ты Ры́мскі грамадзя́нін? Ён сказаў: так.
28 Тысячанача́льнік адказаў: я за вялікія грошы набы́ў гэтае грамадзя́нства. Павел жа сказаў: а я і нарадзíўся з ім.
29 Тады адразу адступíлі ад яго тыя, што збіра́ліся катава́ць яго, а тысячанача́льнік, даве́даўшыся, што ён Ры́мскі грамадзя́нін, спало́хаўся, што звяза́ў яго.
30 На другі дзень, жада́ючы даве́дацца дакладна, у чым абвінава́чваюць яго Іудзеі, ён вы́зваліў яго з кайдано́ў і загада́ў сабра́цца першасвятара́м і ўсяму сінедрыёну і, вы́веўшы Паўла, паставіў яго перад імі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.