Читай и изучай

Библия » Пераклад праваслаўнай царквы

Деяния 23 глава

1 Пільна гле́дзячы на сінедрыён, Павел сказаў: мужы́ браты́! я з усёй добрасумле́ннасцю жыў перад Богам да гэтага дня.
2 І тут першасвята́р Ана́нія загада́ў тым, якія стаялі по́бач з ім, біць яго па ву́снах.
3 Тады Павел сказаў яму́: Бог будзе біць цябе, сцяна́ пабе́леная: ты сядзíш, каб судзíць мяне па закону, ды, паруша́ючы закон, зага́дваеш біць мяне.
4 Тыя, што стаялі побач, сказалі: першасвятара́ Божага зневажа́еш?
5 Павел сказаў: я не ведаў, браты́, што ён першасвята́р; бо напíсана: пра нача́льніка народа твайго не кажы́ ліхо́га.
6 Павел жа, даве́даўшыся, што тут адна частка садуке́яў, а другая фарысе́яў, усклíкнуў у сінедрыёне: мужы́ браты́! я фарысе́й, сын фарысе́я; за надзею і ўваскрасе́нне мёртвых мяне су́дзяць.
7 Калі ж ён сказаў гэта, узнікла сутыкне́нне паміж фарысе́ямі і садуке́ямі, і сход падзялíўся;
8 бо садуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ння, ні Ангела, ні ду́ха; а фарысе́і прызнаю́ць і тое, і другое.
9 Узня́ўся вялікі крык; і, уста́ўшы, кніжнікі з фарысе́йскага боку спрача́ліся, ка́жучы: нічога дрэ́ннага мы не знахо́дзім у чалавеку гэтым; калі ж дух ці Ангел прамаўля́ў да яго, давайце не будзем працíвіцца Богу.
10 Але паколькі сутыкне́нне ўзмацня́лася, то тысячанача́льнік, баючы́ся, каб яны не разарва́лі Паўла, загада́ў воінам спусцíцца, каб забраць яго ад іх і адве́сці ў крэ́пасць.
11 У насту́пную ноч Гасподзь, явíўшыся яму, сказаў: мацу́йся, Павел; бо як све́дчыў ты пра Мяне ў Іерусаліме, так нале́жыць табе све́дчыць і ў Ры́ме.
12 Калі ж настаў дзень, некато́рыя з Іудзеяў, учынíўшы змо́ву, далí сабе клятву не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла;
13 а было́ больш за сорак тых, што ўчынíлі гэтую змо́ву;
14 яны, прыйшо́ўшы да першасвятаро́ў і старэ́йшын, сказалі: кля́тваю паклялíся мы самíм сабе не есці нічога, пакуль не заб’ём Паўла.
15 Дык цяпер вы з сінедрыёнам паве́даміце тысячанача́льніку, каб заўтра вы́веў яго да вас, як быццам вы збіра́ецеся дакла́дней дасле́даваць справу яго; а мы, перш чым ён наблíзіцца, гатовы забіць яго.
16 Пачуўшы пра заса́ду, сын сястры́ Паўлавай прыйшоў і, увайшо́ўшы ў крэпасць, паве́даміў Паўлу.
17 Павел жа, паклíкаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: завядзí гэтага юнака́ да тысячанача́льніка, бо ён ма́е нешта паве́даміць яму.
18 Той, узя́ўшы яго, прывёў да тысячанача́льніка і сказаў: вя́зень Павел паклíкаў мяне і папрасіў прыве́сці да цябе гэтага юнака́, які ма́е нешта сказаць табе.
19 Тысячанача́льнік, узя́ўшы яго за руку́ і адышоўшы з ім убок, спытаў: што ж маеш ты паве́даміць мне?
20 І ён сказаў: Іудзеі дамо́віліся папрасíць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, бы́ццам дзе́ля таго, каб дакла́дней пра яго распыта́ць;
21 але ты не давяра́й ім, бо на яго робяць заса́ду больш за сорак чалавек з іх, якія далí сабе кля́тву, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер напагато́ве, чака́ючы твайго распараджэ́ння.
22 Тысячанача́льнік адпусцíў юнака́, загада́ўшы: нікому не кажы́, што ты паве́даміў мне гэта.
23 І, паклíкаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: падрыхту́йце дзве́сце ўзбро́еных во́інаў, каб ішлі ў Кесары́ю, і се́мдзесят ко́ннікаў, і дзве́сце кап’яно́сцаў, на трэцюю гадзíну но́чы;
24 і ўю́чную жывёлу прывядзíце, каб, пасадзíўшы Паўла, даста́віць яго цэлым і здаровым да правíцеля Фе́лікса.
25 Напісаў ён і пасла́нне такога зместу:
26 Кла́ўдзій Лíсій — высокашано́ўнаму правíцелю Фе́ліксу: ра́давацца;
27 гэтага чалавека, якога Іудзеі схапілі і збіра́ліся забіць, я, прыйшо́ўшы з воінамі, адабра́ў, калі вы́светліў, што ён Ры́мскі грамадзя́нін;
28 жада́ючы ж даве́дацца, на якой падста́ве абвінава́чвалі яго, я прывёў яго ў сінедрыён іхні
29 і вы́явіў, што яны абвінава́чваюць яго з-за спрэ́чных пытанняў закону іх, але няма на ім абвінава́чання ні ў чым, ва́ртым смерці або ако́ваў;
30 калі ж мне дане́слі, што Іудзеямі рыхту́ецца змова су́праць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загада́ўшы і абвінава́ўцам гаварыць су́праць яго перад табою; быва́й здаро́вы.
31 Тады воіны, як было́ ім зага́дана, узялí Паўла і павялí яго ўначы́ ў Антыпатры́ду,
32 а на другі дзень, пакíнуўшы ко́ннікаў ісці з ім, вярну́ліся ў крэпасць.
33 Тыя ж, прыйшоўшы ў Кесары́ю і адда́ўшы пасла́нне правíцелю, паставілі перад ім і Паўла.
34 Правіцель прачытаў пасла́нне і запыта́ў, з якой ён вобласці, а, даве́даўшыся, што з Кілікíі,
35 сказаў: я вы́слухаю цябе, калі прыбу́дуць і абвінава́ўцы твае. І загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю ў Ірадавай прэто́рыі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.