Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Есфирь 2 глава
1 Пасьля гэтага, калі аціх гнеў цара Артаксэркса, ён успомніў пра Астынь і пра тое, што яна зрабіла, і што было вызначана пра яе.
2 І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: хай бы пашукалі цару маладых прыгожых дзяўчат,
3 і хай бы назначыў цар назіральнікаў ва ўсе вобласьці свайго царства, якія сабралі б усіх маладых дзяўчат, прыгожых з выгляду, у сталічны горад Сузы, у дом жонак пад нагляд Гегая, царскага еўнуха, ахоўніка жонак, і каб выдавалі ім масьці.
4 І дзяўчына, якая спадабаецца вачам цара, хай будзе царыцаю замест Астыні. І дагоднае было слова гэтае ў вачах цара, і ён так і зрабіў.
5 Быў у Сузах, горадзе сталічным, адзін Юдэй, імя яго Мардахэй, сын Яіра, сын Сэмэя, сын Кіса, зь племя Веньямінавага.
6 Ён быў пераселены зь Ерусаліма разам з палоннымі, выведзенымі зь Еханіем, царом Юдэйскім, якіх перасяліў Навухаданосар, цар Вавілонскі.
7 І быў ён выхавальнікам Гадасы, — яна ж Эстэр, — дачкі дзядзькі яго, бо ня было ў яе ні бацькі, ні маці. Дзяўчына гэтая была прыгожая станам і прыгожая тварам. І пасьля сьмерці бацькі яе, Мардахэй узяў яе да сябе замест дачкі.
8 Калі абвешчаны быў загад цара і ўказ ягоны, і калі сабраныя былі многія дзяўчаты ў сталічны горад Сузы пад нагляд Гегая, тады ўзялі і Эстэр у царскі дом пад нагляд Гегая, ахоўцы жонак.
9 І спадабалася гэтая дзяўчына вачам ягоным і здабыла ў яго ўпадабаньне, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй масьці і ўсё, назначанае ёй, і прыставіў да яе сем дзяўчат, вартых быць пры ёй, з дома царскага, і перамясьціў яе і дзяўчат у лепшае аддзяленьне жаночага дома.
10 Не гаварыла Эстэр ні пра народ свой, ні пра радство сваё, бо Мардахэй даў ёй загад, каб яна не казала.
11 І кожнага дня Мардахэй прыходзіў да двара жаночага дома, каб даведвацца пра здароўе Эстэры і пра тое, што робіцца зь ёю.
12 Калі настаў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да цара Артаксэркса, пасьля таго, як дванаццаць месяцаў выконвалася над ёю ўсё, вызначанае жанчынам, — бо столькі часу доўжыліся дні прыціраньняў іхніх: шэсьць месяцаў міравым алеем і шэсьць месяцаў пахошчамі і іншымі прыціркамі жаночымі;
13 тады дзяўчына выходзіла да цара. Чаго б яна ні патрабавала, ёй давалі ўсё на выхад з жаночага дома ў дом цара
14 Увечары яна ўваходзіла і раніцай вярталася ў другі дом жаночы пад нагляд Шаазгаза, царскага еўнуха, вартаўніка наложніц; і ўжо не ўваходзіла да цара, — хіба толькі цар пажадаў бы яе, і яе клікалі б па імені.
15 Калі настаў час Эстэры, дачкі Амінадава, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, — ісьці да цара; тады яна не прасіла нічога, апрача таго, пра што сказаў ёй Гегай, еўнух царскі, вартаўнік жонак. І здабыла Эстэр прыхільнасьць да сябе ў вачах усіх, хто бачыў яе.
16 І ўзялі Эстэр да цара Артаксэркса, у царскі дом ягоны, на дзясятым месяцы, гэта значыць, у месяцы Тэбэце, на сёмым годзе яго валадараньня.
17 І пакахаў цар Эстэр больш за ўсіх жонак, і яна здабыла ягонае ўпадабаньне і прыхільнасьць больш за ўсіх дзяўчат; і ён паклаў царскі вянок на галаву яе і зрабіў яе царыцаю замест Астынь.
18 І зрабіў цар вялікую гасьціну ўсім князям сваім і тым, хто служыў яму, — гасьціну дзеля Эстэр, і зрабіў ільготу вобласьцям і раздаў дарункі з царскай шчодрасьцю.
19 І калі другім разам сабралі ўсіх дзяўчат, і Мардахэй сядзеў каля брамы царскай,
20 Эстэр усё яшчэ не казала пра радство сваё і пра народ свой, як загадаў ёй Мардахэй; а слова Мардахэя Эстэр выконвала і цяпер гэтак сама, як тады, калі была ў яго на выхаваньні.
21 У той час, як Мардахэй сядзеў каля царскай брамы, два царскія еўнухі, Гавата і Тара, якія ахоўвалі парог, раззлаваліся і намышлялі накласьці руку на цара Артаксэркса.
22 Даведаўшыся пра тое, Мардахэй паведаміў царыцы Эстэр, а Эстэр сказала цару ад імя Мардахэя.
23 Справа была дасьледавана і выяўлена праўда, і іх абодвух павесілі на дрэве. І было запісана пра дабрадзейства Мардахэя ў кнізе дзённых запісаў у цара.
Есфирь 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча