Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Есфирь 2 глава

1 Так, па гэтых падзеях, калі спыніўся гнеў цара Асуэра, прыгадаў ён Васці і тое, што яна зрабіла і што ёй было прысуджана.
2 Ды сказалі паслугачы цара ды памочнікі яго: «Хай пашукаюць цару маладых і прыгожых дзяўчат
3 і хай будуць вызначаны тыя, хто збярэ ва ўсіх правінцыях дзяўчат прыгажунь і прывядзе іх у горад Сузы, ды хай аддадуць жанчын у дом пад апеку Эгэя, еўнуха, які з’яўляецца кіраўніком і вартаўніком царскіх жонак; і хай атрымаюць яны жаночыя прыборы.
4 І тая сярод усіх, якая спадабаецца цару, будзе царыцай замест Васці». Спадабалася гэта слова цару, і, як раілі, сказаў зрабіць.
5 А ў горадзе Сузы пражываў чалавек, юдэй, на імя Мардахэй, сын Яіра, сына Сямэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна,
6 які быў пераселены з Ерузаліма з палоннымі ў час высялення разам з Ёахінам, царом Юды, якога ўзяў у палон Набукаданосар, цар Бабілона.
7 Ён быў апекуном Эдэсы, якая называлася і іншым імем Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, і не мела ні бацькі, ні маці. Была яна прыгожага складу і мілага аблічча. І па смерці бацькі і маці Мардахэй узяў яе сабе за дачку.
8 І сталася, калі разышлася вестка аб загадзе цара і калі па загадзе яго многа прыгожых дзяўчат было прыведзена ў Сузы і перададзена пад апеку Эгэя, таксама Эстэр была ўзята ў дом цара пад апеку Эгэя, вартаўніка жонак.
9 Спадабалася яна яму ды знайшла ласку перад абліччам яго; і хутка пайшоў да яе з жаночым убраннем, і даў ёй яе часткі і самых прыгожых сем дзяўчат з дому цара ў сяброўкі, і перасяліў яе і яе сябровак у самае лепшае месца ў доме жанчын.
10 Яна не выявіла ані яму, ані народу паходжання свайго; бо Мардахэй загадаў ёй, каб аб гэтым яна нікому не казала зусім.
11 Мардахэй хадзіў штодзень каля панадворку дома, у якім пражывалі выбраныя дзяўчаты, рупячыся пра здароўе Эстэр ды жадаючы ведаць, што з ёй адбываецца.
12 А калі прыходзіла пара на кожную па парадку дзяўчыну, каб пайсці ёй да цара, выканаўшы ўсё, што тычыцца жаночага прыбірання, па дванаццаці месяцах, — бо было так, што націраліся яны міравым алеем шэсць месяцаў ды другія шэсць месяцаў карысталіся жаночымі зёлкамі ды духмянасцямі, —
13 тады толькі дзяўчаты ішлі да цара; і ўсё, чаго пажадалі, атрымлівалі яны, каб узяць з сабой з жаночай паловы ў дом цара.
14 І якая вечарам ішла, тая раніцай зноў прыводзілася ў пакой дома жанчын пад апеку Сасагазі, еўнуха, які кіраваў наложніцамі. І не прыходзіла яна больш да цара, хіба што цар пажадаў бы і пазваў бы яе па імі прыйсці.
15 А калі прайшоў час і надышоў дзень, у які Эстэр, дачка Абігайля, дзядзькі Мардахэя, якую ўзяў ён сабе за дачку, па парадку павінна пайсці да цара, не патрабавала яна анічога, адно толькі тое, што паручыў Эгэй, еўнух, вартаўнік жанчын, і яна вачам усіх здавалася прыгожай і мілай.
16 Такім чынам, яна забрана была ў пакой цара Асуэра ў дзесяты месяц, што завецца Тэбэт, у дзесяты год яго царавання.
17 І палюбіў яе цар болей, чым усіх іншых жанчын, і яна знайшла ласку і прыхільнасць у яго больш, чым усе іншыя дзяўчаты, і ён усклаў на галаву ёй царскі вянец і ўстанавіў яе царыцай на месца Васці.
18 І загадаў справіць багатае застолле ўсім князям і ўрадоўцам сваім, застолле для Эстэр; дый вызваліў ад падатку ўсе правінцыі і даў шчодрыя дары з царскай веліччу.
19 Мардахэй жа заставаўся пры браме цара,
20 і Эстэр яшчэ не прызнавалася ў сваім паходжанні і пра народ, так як ёй гэта загадаў Мардахэй, бо Эстэр выконвала, што толькі загадваў ён, як звычайна рабіла ў той час, калі ён гадаваў яе, маленькую.
21 Вось, у той час, у які Мардахэй прабываў пры браме цара, два еўнухі цара, Багата і Тарэс, якія былі прыдзвернымі, разгневаліся за тое і хацелі падняць рукі на цара.
22 Дайшла гэтая вестка да Мардахэя, і ён зараз жа перадаў Эстэр, і яна — цару ад імя Мардахэя.
23 Справа была праверана і выкрыта, і абодва яны былі павешаны на шыбеніцы, і запісана гэта было ў кнізе аналаў у прысутнасці цара.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.