Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Есфирь 2 глава
1 Пасьля гэтых падзеяў, калі суцішыўся гнеў валадара Ахашвэроша, ён узгадаў пра Вашці, і пра тое, што яна зрабіла, і што было пастаноўлена пра яе.
2 І сказалі валадару юнакі, якія служылі яму: «Няхай пашукаюць валадару дзяўчын паненак, прыгожых выглядам.
3 І няхай прызначыць валадар наглядчыкаў у-ва ўсіх акругах валадарства свайго, і няхай яны зьбяруць усіх дзяўчат паненак прыгожага выгляду ў Шушан сталіцу, у дом жанчынаў пад нагляд Гэгая, эўнуха валадара, вартаўніка жонак, і няхай дадуць ім адмысловыя масьці.
4 І няхай дзяўчына, якая будзе найлепшай у вачах валадара, будзе валадаркай замест Вашці». І добрым было гэта слова ў вачах валадара, і ён зрабіў гэтак.
5 Муж Юдэй быў у Шушане сталіцы; імя ягонае — Мардэхай, сын Яіра, сына Шымэя, сына Кіша, муж з [калена] Бэн’яміна,
6 які быў узяты з Ерусаліму разам з палонам, які быў выведзены з Ехоніем, валадаром Юды, якога перасяліў Навухаданосар, валадар Бабілонскі.
7 І быў ён выхавацелем Гадасы, яна ж — Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, бо не было ў яе ані бацькі, ані маці. Дзяўчына гэта мела прывабную постаць і прыгожы выгляд. І пасьля сьмерці бацькі ейнага і маці ейнай Мардэхай узяў яе сабе за дачку.
8 І было абвешчана слова валадара і загад ягоны, і сабралі шмат дзяўчат у Шушан сталіцу пад нагляд Гэгая, і была ўзята Эстэр у дом валадара пад нагляд Гэгая, вартаўніка жонак.
9 І была лепшай дзяўчына гэтая ў вачах ягоных, і мела ласку ў яго, і ён пасьпяшаўся даць ёй адмысловыя масьці і прызначанае ёй, і сем дзяўчат даў ёй з дому валадара; і перамясьціў яе і дзяўчат ейных у найлепшае [месца] дому жанчынаў.
10 Ня выявіла Эстэр народу свайго і паходжаньня свайго, бо Мардэхай загадаў ёй, каб яна не выяўляла [гэтага].
11 І кожны дзень Мардэхай прыходзіў да панадворку дому жанчынаў, каб даведацца, як маецца Эстэр і што робіцца з ёю.
12 І прыходзіла чарга кожнай дзяўчыне ўваходзіць да валадара Ахашвэроша пры сканчэньні дванаццаці месяцаў знаходжаньня іх паводле закону жонак, бо столькі цягнуцца дні падрыхтоўкі іхняй, шэсьць месяцаў — алеем міра і шэсьць месяцаў — пахошчамі і адмысловымі масьцямі жаночымі.
13 І тады дзяўчына ўваходзіла да валадара, і ўсё, што яна казала, давалі ёй, калі яна ішла з дому жанчынаў у дом валадара.
14 Увечары яна ішла, а раніцаю вярталася ў другі дом жанчынаў, пад нагляд Шаашгаза, эўнуха валадара, вартаўніка наложніцаў; і ўжо не прыходзіла да валадара, хіба толькі валадар пажадаў яе, і паклікалі яе на імя.
15 Калі прыйшла чарга Эстэр, дачкі Абіхаіла, дзядзькі Мардэхая, якую ён узяў сабе за дачку, ісьці да валадара, тады яна не прасіла нічога, акрамя таго, пра што сказаў ёй Гэгай, эўнух валадара, вартаўнік жонак. І мела Эстэр зычлівасьць у вачах усіх, хто бачыў яе.
16 І была Эстэр узятая да валадара Ахашвэроша ў валадарскі дом ягоны, у дзясяты месяц, значыцца месяц Тэвэт, у сёмы год валадараньня ягонага.
17 І пакахаў валадар Эстэр па-над усіх жанчынаў, і яна мела ў яго ласку і зычлівасьць па-над усіх дзяўчынаў; і ён узлажыў карону валадарскую на галаву ейную, і зрабіў яе валадаркаю замест Вашці.
18 І справіў валадар банкет вялікі для ўсіх князёў сваіх і слугаў сваіх, банкет дзеля Эстэр, і зрабіў палёгку акругам, і раздаў дары з рукі валадара.
19 А калі зьбіралі дзяўчын другі раз, Мардэхай сядзеў пры браме валадарскай,
20 Эстэр не выяўляла паходжаньня свайго і народу свайго, як загадаў ёй Мардэхай; а слова Мардэхая Эстэр выконвала гэтаксама, як тады, калі была ў яго на выхаваньні.
21 У тыя дні, калі Мардэхай сядзеў пры браме валадарскай, разгневаліся Бігтан і Тэрэш, два эўнухі валадара, якія вартавала парогі, і шукалі, каб выцягнуць руку на валадара Ахашвэроша.
22 І даведаўся пра гэтую справу Мардэхай, і паведаміў валадарцы Эстэр, а Эстэр пераказала валадару ад імя Мардэхая.
23 І дасьледавалі справу гэтую і знайшлі, і іх абодвух павесілі на дрэве. І запісалі [пра гэта] ў кнігу летапісаў перад абліччам валадара.
Есфирь 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча