Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Притчи 23 глава
1 Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;
2 і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.
3 Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта — уяўная ежа.
4 Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.
5 Зьвернеш вочы твае на яго, і — яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.
6 Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,
7 бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.
8 Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.
9 У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.
10 Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;
11 бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.
12 Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае — да разумных слоў.
13 Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:
14 ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.
15 Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;
16 і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.
17 Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;
18 бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.
19 Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.
20 Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам:
21 бо п’яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.
22 Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.
23 Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.
24 Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага — радуецца зь яго.
25 Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.
26 Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:
27 бо распусьніца — глыбокая прорва, а чужая жонка — вузкі калодзеж;
28 яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.
29 У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?
30 У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.
31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;
32 пазьней яно ўкусіць, як зьмей, і ўджаліць, як асьпід;
33 вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;
34 і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.
35 І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»
Притчи 23 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча