Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Деяния 18 глава

1 Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф;
2 і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, — пайшоў да іх,
3 і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было — рабіць намёты.
4 А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў.
5 А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос.
6 А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў.
7 І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі.
8 А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся.
9 А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай,
10 бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе.
11 І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.
12 Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча,
13 кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе.
14 Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас;
15 але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым.
16 І прагнаў іх ад судзілішча.
17 А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта.
18 Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, — і зь ім Акіла і Прыскіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку.
19 Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.
20 Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
21 а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе).
22 Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію.
23 І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў.
24 Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс.
25 Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.
26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні.
27 А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою:
28 бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.