Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Деяния 18 глава
1 Пасьля-ж гэтага, пакінуўшы Афіны, прыйшоў Паўла ў Карынт.
2 І, знайшоўшы не́йкага Жыда, на ймя Акілу, родам із Понту, які толькі што прыйшоў із Італіі, ды жонку ягоную Прыскіллу (— бо Клаўдзі загадаў усім Жыдом выбрацца з Рыму), прыйшоў да іх.
3 А дзеля таго, што быў аднаго рамясла, аставаўся ў іх ды працаваў; майстравалі-ж палаткі.
4 І кожную суботу гутарыў у сынагозе й пераконываў Жыдоў ды Грэкаў.
5 Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сіла й Цімахве́й, Дух панукаў Паўлу сьве́дчыць Жыдом, пра Ісуса Хрыста.
6 А як яны працівіліся й зьневажалі яго, дык, абтросшы вопратку, сказаў да іх: Кроў вашая на галаву вам! Я-ж чысты. Ад сяньня йду к паганам.
7 І, выйшаўшы стуль, пайшоў у дом не́йкага багабойнага чалаве́ка, на ймя Юста, дом якога быў побач сынагогі.
8 А Крысп, начальнік сынагогі, уве́раваў у Госпада разам з усім домам сваім, дый многа Карыньцян, слухаючы, уве́равалі й ахрысьціліся.
9 Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: Не палохайся, але прамаўляй ды не змаўкай:
10 бо Я з табою, і ніхто не адважыцца ўчыніць табе́ зло; бо багата ў Мяне́ народу ў ме́сьце гэтым.
11 І прабыў год і шэсьць ме́сяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.
12 У часе-ж старастоўства ў Ахе́і Гальліона Жыды аднадушна напалі на Паўлу й павялі яго ў суд,
13 кажучы, што ён вуча людзе́й шанаваць Бога не па закону.
14 Калі-ж Паўла хаце́ў расчыніць рот, сказаў Гальліон да Жыдоў: Жыды, я-б слушна выслухаў вас, калі-б была не́йкая крыўда, ці думка ліхая;
15 калі-ж спрэчка йдзе́ аб слова ды ймёны ды закон ваш, дык разглядайце самі, бо я судзьдзёй у гэтым быць не хачу.
16 І пагнаў іх із суду.
17 Усе́-ж Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судом, Гальліона-ж гэта зусім ня рупіла.
18 Паўла-ж, прабыўшы йшчэ даволі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сірыю (а з ім Прыскілла й Акіла), абстрыгшы ў Кенхрэях галаву: бо быў абяцаўшы.
19 І прыбыў у Эфэс, і пакінуў іх тамака, а сам увайшоў у сынагогу ды гутарыў з Жыдамі.
20 Калі-ж прасілі яго астацца ў іх надаўжэй, ён не згадзіўся,
21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: Мне́ кане́шна трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; калі-ж Бог захоча, вярнуся йзноў да вас. І вырушыў з Эфэсу.
22 І, прыбыўшы ў Кесарыю ды зайшоўшы (ў Ерузалім) і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыохію.
23 Пабыўшы-ж не́йкі час, выйшаў стуль ды праходзіў па чарзе́ зямлю Галятыйскую і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
24 Прыйшоў-жа ў Эфэс не́йкі Жыд, на ймя Апальлёс, родам Александрыец, муж красамоўны й моцны ў Пісаньнях;
25 ён быў пастаўлены на шлях Гасподні і, палаючы духам, прамаўляў ды навучаў пра Госпада правільна, ве́даючы толькі хрышчэньне Іоанавае.
26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы-ж яго, Акіла й Прыскілла ўзялі яго й вылажылі яму тачне́й шлях Божы.
27 А як ён маніўся пайсьці ў Ахе́ю, браты, наважыўшыся, напісалі вучням, каб прынялі яго. І ён, апынуўшыся там, шмат дапамог тым, што былі ўве́раваўшы праз ласку:
28 бо ўсенародна крэпка пераконываў Жыдоў, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Деяния 18 глава в переводах