Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 26 глава
Прамова Паўла перад Агрыпам і Бэрэнікай1 Агрыпа сказаў Паўлу: «Табе дазволена гаварыць за самога сябе». Тады Павел працягнуў руку і прамовіў у сваю абарону:
2 «Кароль Агрыпа, я лічу сябе шчаслівым, што сёння павінен абараняцца перад табою ад усяго, у чым мяне вінавацяць юдэі.
3 Ты найбольш ведаеш усе юдэйскія звычаі і спрэчныя пытанні. Таму прашу велікадушна выслухаць мяне.
4 Жыццё маё з маладосці, якое ад пачатку праходзіла ў Ерузалеме сярод майго народу, ведаюць усе юдэі.
5 Яны ведаюць мяне здаўна і могуць засведчыць, што я жыў як фарысей паводле самай строгай плыні нашай рэлігіі.
6 А цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое Бог даў айцам нашым,
7 а яго спаўнення чакаюць нашыя дванаццаць пакаленняў, днём і ноччу няспынна служачы Богу. За гэтую надзею, кароль, юдэі вінавацяць мяне!
8 Чаму вы лічыце неверагодным, што Бог уваскрашае памерлых?
9 Я таксама лічыў, што павінен шмат зрабіць супраць імені Езуса з Назарэта.
10 Я гэта і рабіў у Ерузалеме. Атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, я многіх святых кінуў у вязніцу. Калі іх забівалі, даваў згоду.
11 Часта па ўсіх сінагогах я караў іх і прымушаў блюзнерыць, а будучы раз’юшаным на іх, пераследаваў нават у чужых гарадах.
Другое сведчанне Паўла пра сваё пакліканне12 Калі дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладай і даручэннем ад першасвятароў,
13 апоўдні я ўбачыў на дарозе, о кароль, святло з неба, ярчэйшае за святло сонца, якое асвятляла мяне і тых, хто ішоў разам са мною.
14 Калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне па-габрэйску: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Цяжка табе ісці супраць ражна”.
15 Я спытаўся: “Хто ты, Пане?” Ён адказаў: “Я Езус, якога ты пераследуеш.
16 Але падыміся, устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў і што Я адкрыю табе.
17 Я вызвалю цябе ад гэтага народу і ад язычнікаў, да якіх Я пасылаю цябе
18 адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”.
Місійная праца Паўла19 Таму, кароль Агрыпа, я не быў непаслухмяным нябеснаму бачанню,
20 але прапаведаваў спачатку жыхарам Дамаска і Ерузалема, а потым па ўсёй зямлі юдэйскай і язычнікам, каб яны каяліся і навярталіся да Бога, здзяйсняючы справы, што вынікаюць з пакаяння.
21 За гэта юдэі схапілі мяне ў святыні і спрабавалі забіць.
22 Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я аж да гэтага дня працягваю сведчыць малому і вялікаму. Я не кажу нічога, акрамя таго, што, па словах прарокаў і Майсея, павінна было адбыцца:
23 што Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».
Рэакцыя слухачоў24 Калі ён так абараняўся, Фэст гучна сказаў: «Павел, ты ашалеў! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва».
25 Але Павел сказаў: «Я не шалею, дастойны Фэст, але абвяшчаю словы праўдзівыя і прадуманыя.
26 Бо ведае пра гэта кароль, перад якім я смела кажу гэта. Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не схавана ад яго, бо адбывалася не ў закутку.
27 Ці верыш ты, кароль Агрыпа, прарокам? Я ведаю, што верыш».
28 Агрыпа сказаў Паўлу: «Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысцінянінам!»
29 Павел сказаў: «Я маліў бы Бога, каб калісьці не толькі ты, але і ўсе, хто сёння чуе мяне, сталі такімі, як я, акрамя гэтых кайданаў!»
30 Тады кароль і намеснік, а таксама Бэрэніка, і тыя, што сядзелі разам з імі, падняліся.
31 Адышоўшы ўбок, яны гаварылі паміж сабою, кажучы: «Гэты чалавек не робіць нічога вартага смерці і кайданаў».
32 І сказаў Агрыпа Фэсту: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не звяртаўся да цэзара».
Деяния 26 глава в переводах