Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Деяния 28 глава

1 Выратаваўшыся, даведаліся, што абток завецца Меліта.
2 І барбары выказалі нам немалую дабрыню, бо, расклаўшы цяпло, прынялі ўсіх нас, бо быў дождж а сьцюжа.
3 Як жа Паўла зьбер бярэмца гальля і клаў на цяпло, гад, уцякаючы ад гарачыні, прыліп да рукі ягонае.
4 І як барбары абачылі павіслае на руццэ ягонай зьверанё, гукалі адзін аднаму: «Гэты чалавек, пэўне, забіўца, калі ўцекламу з мора справядлівасьць не дазволіла жыць».
5 Ён, адылі, строс зьверанё ў цяпло, не дазнаўшы ніякае шкоды.
6 Яны ж спадзяваліся, што спохне альбо зьнецікі паваліцца мертвы; але як яны чакалі доўга і бачылі, што нічога надзвычайнага ня сталася яму, зьмянілі свой пагляд і сказалі, што ён бог.
7 У суседзтве места таго былі землі начэльніка абтоку, наймя Публь, каторы прывеціў нас і тры дні вельма прыязьліва частаваў.
8 І прыгадзілася, што айцец Публяў ляжаў хворы ў гаручцы а крываўцы. Паўла ўвыйшоў да яго, і памаліўся, і, узлажыўшы рукі свае на яго, уздаравіў яго.
9 Як жа гэта сталася, іншыя, што на тым абтоку былі? хворыя, прыходзілі і былі ўздараўляны;
10 Каторыя таксама рабілі нам шмат сьці і, як мы адплывалі, далі нам падаркі на нашы патрэбы.
11 За тры месяцы мы адплылі караблём, што зімаваў на абтоку, александрыскім, гэрбу Дыёскуры.
12 І, прыплыўшы да Сыракуз, заставаліся тры дні;
13 Скуль, наўкола плывучы, прыбылі да Рэґі; і як за дзень адмяніўся вецер на паўднявы, назаўтрае прыбылі да Путэолі,
14 Ідзе знайшлі братоў, каторыя прасілі нас застацца зь імі дзён сем. І гэтак мы прыбылі да Рыму.
15 І адгэтуль браты, пачуўшы праз нас, вышлі нам наўпярэймы аж да Апавае роўнядзі а Трох корчмаў, каторых абачыўшы, Паўла дзякаваў Богу і акрыяў.
16 А як прышлі да Рыму, сотнік даставіў вязьняў вайводцу, а Паўлу дазволена было застацца апрыч із жаўнерам, што яго сьцярог.
17 І сталася за тры дні, што ён згукаў галоўных із Жыдоў і, як яны зышліся, казаў ім: «Мужы браты! не зрабіўшы нічога супроці люду альбо звычаёў айцоўскіх, я быў выданы як вязень ізь Ерузаліму ў рукі Рымлян.
18 Яны, выпытаўшы мяне, хацелі вывальніць, бо нямаш у мяне ніякае прычыны, гожае сьмерці.
19 Але Жыды перачылі, дык я мусіў адазвацца да цэсара, але не каб вінаваць за што-колечы народ свой.
20 З гэтае прычыны я гукаў вас, каб пабачыцца з вамі і памужаваць із вамі, бо за надзею Ізраеляву спутаны я гэтымі зялезамі».
21 Яны ж сказалі яму: «Мы лістоў не адзяржалі празь цябе зь Юдэі, ані з прыходзячых братоў ніхто не наказаў празь цябе і не сказаў чаго-колечы благога;
22 Але ўважаем за важнае пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо ведама нам, што праз гэту гэрэсь усюдых сьперачаюцца».
23 І, прызначыўшы яму дзень, вельма шмат прышло да яго да гасподы; і ён з раньня да вечара ўрочыста сьветчыў ім праз гаспадарства Божае, пераконуючы іх празь Ісуса з права Масеявага а з прарокаў.
24 І адныя пераконаваліся сказаным ім, а другія ня верылі.
25 І, не згаджаючыся мяжсобку, яны выходзілі, як Паўла сказаў ім адно слова: «Добра казаў Дух Сьвяты Ісаям прарокам айцом нашым, кажучы:
26 "Ідзі да люду гэтага і скажы: слухам пачуеце, і ніякім парадкам не зразумееце; і гледзячы глядзець будзеце, і ніякім парадкам не абачыце;
27 Бо заплыло тукам сэрца люду гэтага, і ледзь чуюць вушамі сваімі, і зачынілі вочы свае, каб неяк не пабачыць ачыма сваімі, і ня чуць вушамі, і не зразумець сэрцам сваім, і не навярнуцца, каб Я ўздаравіў іх".
28 Дык ведайце, што спасеньне Божае паслана народам; яны й пачуюць».
29 І, як ён сказаў гэта, Жыды адышлі, вельма сьперачаючыся мяжсобку.
30 І заставаўся ён два гады ў собскай найманай гасподзе, і прыймаў усіх, што прыходзілі да Яго,
31 Абяшчаючы гаспадарства Божае і вучачы праз Спадара Ісуса Хрыста сусім адважна, без пераказаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.