Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 28 глава

1 Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Меліта.
2 Барбары ж выявілі да нас немалую людскасць; распалілі агонь дзеля таго, што церушыў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.
3 Калі Паўла назбіраў бярэмя ламачча і ўсклаў на агонь, тады гад, вылезшы ад гарачыні, прычапіўся да яго рукі.
4 Калі барбары ўбачылі гада, што звісаў з яго рукі, гаварылі між сабой: «Гэты чалавек хіба забойца, бо, хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць».
5 А ён абтрос гада ў агонь і не дазнаў нічога благога.
6 Яны думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога не робіцца, змяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.
7 Каля таго месца быў маёнтак гаспадара таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас ласкава, і мы тры дні гасцілі ў яго.
8 Бацька ж Публія ляжаў хворы на гарачку і крываўку. Паўла пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.
9 Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя, што былі на востраве, ды аздараўляліся.
10 Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, далі нам усяго, у чым мы мелі патрэбу.
11 Па трох месяцах на александрыйскім караблі, які зімаваў на востраве і быў пазначаны Дыяскурамі, мы адплылі.
12 Даплыўшы ў Сіракузы, прабылі мы там тры дні.
13 Адплыўшы адтуль, прыбылі мы ў Рэгію праз адзін дзень, і, калі падзьмуў паўднёвы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Путэолі.
14 Там спаткалі братоў і па іх просьбе забавіліся ў іх сем дзён. І нарэшце прыбылі мы ў Рым.
15 Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і Трох Гасцініц. Убачыўшы іх, Паўла падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
16 Калі ж прыбылі мы ў Рым, сотнік перадаў вязняў начальніку войска, а Паўлу было дазволена жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.
17 Па трох днях запрасіў Паўла да сябе паважаных юдэяў. І, калі яны сабраліся, казаў ім: «Мужы браты! Не зрабіў я нічога ані супраць народа, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліма ў рукі рымлянаў,
18 якія, учыніўшы мне допыт, хацелі мяне выпусціць, бо не было ўва мне ніякай смяротнай віны.
19 Калі, аднак, юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў апеляваць да цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свой народ.
20 Таму, вось, запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзявання Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі».
21 А яны сказалі яму: «Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога благога не сказаў пра цябе.
22 Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай гарэзіі, што ўсюды працівяцца ёй».
23 І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў гатэль. І ён ім выкладаў, сведчачы пра Валадарства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх пра Ісуса на падставе Майсеева закону і прарокаў.
24 І адны былі перакананы тым, што гаварыў, а другія не верылі.
25 І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адысці. Тады Паўла сказаў ім адно слова: «Добра Дух Святы сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю,
26 кажучы: “Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Слыхам пачуеце — і не зразумееце, глядзець будзеце — і не ўбачыце.
27 Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў”.
28 Дык няхай будзе вам вядома, што гэтае збаўленне Божае паслана паганам, і яны будуць слухаць».
29 Пасля гэтых слоў юдэі разышліся, горача спрачаючыся адзін з адным.
30 Паўла ж цэлых два гады пражываў у нанятай кватэры і прымаў усіх, хто да яго прыходзіў,
31 абвяшчаючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагай без перашкод.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.