Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 28 глава
1 І, выратаваўшыся, тады (яны) даведаліся, што востраў называецца Мэліта.
2 Барбары ж спрычынілі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
3 Калі ж Паўла набраў бе́рамя хворасту і паклаў на агонь, дык ад жару выйшаўшы яхідна ўчапілася за ягоную руку.
4 Калі ж ба́рбары ўбачылі зьвісаючага зь ягонай рукі гада, гаварылі паміж сабою: пэўна, што чалавек гэты — душагуб, бо (і) уратаванаму ад мора справядлівасьць ня пакінула жыць.
5 Але ён, абтросшы гада ў агонь, ня дазна́ў нічога благога.
6 Яны ж чакалі, што ён пачне пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Але пачакаўшы доўга і ўбачыўшы, што нічога благога зь ім ня сталася, яны зьмянілі думкі (і) казалі, што ён Бог.
7 Навакол жа таго мейсца былі землі начальніка вострава на імя Публій, які, прыняўшы нас тры дні прыязна частаваў.
8 І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго ру́кі і аздаравіў яго.
9 Калі ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.
10 Дык выявілі нам шматлікія пашаны, а як (мы) адплывалі, надавалі што трэба было.
11 Цераз тры месяцы вырушылі (мы) на аляксандрыйскім караблі са знакам Дыяскураў, што зімаваў на востраве.
12 І прыплыўшы ў Сіракузы прабылí (там) тры дні.
13 Адплыўшы стуль (мы) прыплылí ў Рэгію, і, (як) цераз адзін дзень узьняўся паўдзённы вецер, дык на другі (дзень) прыйшлі ў Путэолі,
14 дзе знайшлі братоў і былі запрошаны імі прабыць (у іх) сем дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.
15 І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрач да Аппіявае плошчы і Трох гасьцініц. Убачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.
16 Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўлу ж дазволена было жыць у сябе з жаўнерам, што яго вартаваў.
17 І сталася, (што) цераз тры дні склікаў Паўла першакоў жыдоўскіх. Калі ж яны зыйшліся, сказаў да іх: мужчыны браты! Я нічога ня ўчыніўшы супраць народу і звычаяў ба́цькаў, (але) зь Ярузаліму я быў пераданы як вязень у ру́кі рымлян.
18 Яны, зрабіўшы мне допыт, хацелі (мяне) звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне няма.
19 Як жа жыды супрацівіліся, дык я быў прыму́шаны паклікацца на кесара, (але) ня для таго, каб у чым абвінаваціць мой народ.
20 Дык па гэтай прычыне я (і) паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за надзею Ізраэля закаваны я ў путы гэтыя.
21 Яны ж сказалі яму: мы ані лістоў аб табе ня даста́лі зь Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзіўшых ня абвясьціў і ня сказаў аб табе нічога благога.
22 Але хочам пачуць ад цябе, як (ты) думаеш; бо аб гарэзіі гэтай ведама нам, што ўсюды працівяцца ёй.
23 І, назначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго ў гасьцініцу досыць многа. І ад ранку да вечара (ён) тлумачыў ім, сьведчучы аб Валадарстве Бога ды пераконваючы іх аб Ісусе із Закону Масея і Прарокаў.
24 І адны былі пераконваемы словамі (ягонымі), другія ж ня верылі.
25 І, пярэчачы адзін аднаму, яны пачалі адыходзіць, калі Паўла сказаў адно слова: добра сказаў да ба́цькаў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Гісаю,
26 мовячы: пайдзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце ды ня зразумееце, і, бачучы, глядзець будзеце, ды ня ўбачыце,
27 бо загрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачыць вачыма і ня пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх. (Гісая 6:9−10).
28 Таму няхай будзе вам ве́дама, што паганам пасла́на выратаваньне ад Бога, яны і пачуюць.
29 І, калі ён гэта сказаў, жыды адыйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.
30 Паўла ж цэлыя два гады жыў у сваім нанятым памяшканьні і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,
31 абвяшчаючы Валадарства Бога ды з усёй адвагай бяз перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.
Деяния 28 глава в переводах