Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Притчи 27 глава
1 Не хваліся заўтрашнім днём, не ведаючы, што прынясе дзень, што надыходзіць.
2 Хай іншы цябе хваліць — не твой уласны рот, чужы — не твае ўласныя вусны.
3 Цяжкі камень і цяжкаваты пясок, але гнеў бязглуздага цяжэйшы за абаіх.
4 Шалёны нораў і абурэнне, што прарываецца наверх, — а хто можа ўстаяць перад зайздрасцю?
5 Лепш адкрытае абвінавачванне, чым схаваная любоў.
6 Раны ад таго, хто любіць, вярнейшыя, чым ілжывыя пацалункі таго, хто ненавідзіць.
7 Душа, што насыцілася, будзе таптаць мёд, а душа, што прагне, нават горкае будзе лічыць за салодкае.
8 Як птушка, што ўцякае з гнязда свайго, так чалавек, што блукае далёка ад радзімы сваёй.
9 Маззю і фіміямам цешыцца сэрца і прывабнасцю сябра ў парадзе ад душы.
10 Не адмаўляйся ад сябра свайго і сябра бацькі свайго, і ў дзень смутку не ўваходзь у дом брата свайго. Лепш сусед паблізу, чым брат далёка.
11 Імкніся да мудрасці, сыне мой, парадуй сэрца маё, каб мог адказаць таму, хто мне ўпікае.
12 Хітры, што бачыць ліха, — хаваецца; а легкаверныя, што ідуць да яго, — караюцца.
13 Здымі вопратку з таго, хто паручыўся за іншага, а за незнаёмых — вазьмі ад яго заклад.
14 Хто, уздымаючыся раніцай, хваліць блізкага свайго гучным голасам, залічаць яму гэта за праклён.
15 Дах, што працякае ў халодны дзень, і сварлівая жонка — роўныя;
16 хто стрымлівае яе — той быццам вецер стрымлівае і прымудраецца, каб трымаць масць у правай руцэ.
17 Жалеза жалезам вастрыцца, а чалавек завастрае позірк сябра свайго.
18 Хто сцеражэ дрэва фігавае — будзе есці плады яго, а хто вартаўнік гаспадара свайго — праславіцца.
19 Як у вадзе твар глядзіць на твар, так сэрца чалавека — у чалавеку.
20 Пекла і пагібель ніколі не насычаюцца, падобна ім ненасытныя і вочы чалавечыя.
21 Як срэбра — у горане, а золата — у печы, так правяраецца чалавек вуснамі таго, хто хваліць [яго].
22 Калі стаўчэш бязглуздага ў ступцы таўкачом разам з зярнятамі, не выйдзе з яго бязглуздасць.
23 Пільна даглядай за жывёлай тваёй, звяртай увагу на статкі,
24 бо не будзеш мець багацце заўсёды. Няўжо з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца вянец?
25 Агаліліся лугі — і з’явіліся травы зялёныя, і сабралі сена з узгоркаў;
26 авечкі — на вопратку тваю, а казлы — на выкуп нівы.
27 Хопіць табе казінага малака на снеданне тваё, і на снеданне дому твайго, і на пражытак слугам тваім.
Притчи 27 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча