Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Притчи 6 глава
1 Калі ты паручыўся, сыне мой, за сябра свайго, ты даў руку тваю за другога;
2 ты аблытаў сябе словамі вуснаў сваіх і злоўлены ты сваімі ўласнымі размовамі.
3 Такім чынам, зрабі, што гавару, сыне мой, вызвалі сябе, бо трапіў ты ў рукі блізкага свайго; бяжы, кінься ў ногі, упрошвай сябра свайго.
4 Не давай сну вачам сваім і дрымоты павекам сваім.
5 Вырывайся, як сарна з сеткі і як птушка з рукі птушкалова.
6 Ідзі да мурашкі, гультай, і паглядзі на рухі яе і вучыся мудрасці.
7 Яна, хоць не мае валадара, ані стоража, ані кіраўніка,
8 улетку загатаўляе ежу сабе і збірае тое, што яна есць, у час жніва.
9 Дакуль, гультай, будзеш спаць? Калі падымешся са сну свайго?
10 Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху складзеш рукі, каб паспаць,
11 і прыйдзе да цябе беднасць, як падарожны, і галеча, як узброены чалавек.
12 Чалавек несправядлівы, чалавек небяспечны ходзіць з крывадушнымі вуснамі;
13 міргае вачамі, тупае нагою, пальцам знакі дае.
14 Ліха задумваецца ў сэрцы яго, увесь час сее ён раздоры і бяду.
15 Таму раптам прыйдзе пагібель да яго; мігам будзе ён знішчаны, і не будзе яму ратунку.
16 Шэсць ёсць рэчаў, якія Госпад ненавідзіць, і сем — агідныя для душы Яго:
17 фанабэрыстыя вочы, ілжывы язык, рукі, што праліваюць кроў бязвінных,
18 сэрца, што задумвае ліхія намеры, ногі — хуткія, калі трэба бегчы да злачынства,
19 таго, хто кажа ману, хлуслівага сведку, і таго, хто сее звадкі паміж братамі.
20 Захавай, сыне мой, пастановы бацькі свайго і не адкідай запавету маці сваёй;
21 павяжы іх назаўжды на сэрца сваё і абвяжы імі шыю сваю.
22 Калі ідзеш, хай яны накіроўваюць цябе, калі заснеш — хай берагуць цябе, а калі прабудзішся — хай гавораць з табой,
23 бо загад — светач, а закон — святло, а перасцярога пры настаўленні — дарога ў жыццё,
24 каб бераглі яны цябе ад ліхой жанчыны і ад ліслівага языка чужой;
25 хай не зажадае сэрца тваё яе прыгажосці, і хай не захопяць цябе яе лёгкія рухі,
26 бо цана распусніцы — толькі кавалак хлеба, а замужняя захоплівае дарагую душу.
27 Ці можа чалавек схаваць агонь сабе за пазуху, каб не загарэлася адзенне яго?
28 Альбо ісці па распаленых вуглях, каб не згарэлі ступні яго?
29 Так адбываецца з тым, хто ходзіць да жонкі блізкага свайго; не будзе чыстым той, хто дакранецца да яе.
30 Не будзе паблажкі злодзею, калі ён будзе красці, каб насыціць душу, што прагне;
31 схоплены — сямікратна верне ён, а таксама аддасць ён усю маёмасць дому свайго.
32 Хто ж чужаложыць з жанчынаю, неразумны той; згубіць душу сваю той, хто робіць гэта.
33 Аб’яднае ён у сабе пакуту і ганьбу, і ганьба яго не спыніцца,
34 бо рэўнасць — лютасць мужа, і не пашкадуе ён у дзень помсты,
35 і не прыме ён ніякага водкупу ад цябе, і не прыме і найвялікшых дароў.
Притчи 6 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча