Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 32 глава
1 У адзінаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, галасі над фараонам, царом Егіпецкім, ды скажы яму: “Леў сярод народаў, прапаў ты, а быў ты, як кракадзіл на моры; пускаў ты бурбалкі ў рэках сваіх, і муціў ваду сваімі лапамі, ды рабіў мутнымі рэкі іх”.
3 Гэта кажа Госпад Бог: “Я расцягну над табою сетку Маю пры сходзе многіх народаў, і выцягнуць цябе Маёй сеткаю,
4 і Я кіну цябе на сушу, выкіну цябе на паверхню палёў, і зраблю, што на табе абжывуцца ўсе птушкі паднебныя і звяры дзікія табою пажывяцца;
5 і цела тваё раскідаю па гарах, і запоўню лагчыны ўсяе зямлі тваім гноем.
6 І зямлю напаю смуродам тваёй крыві аж па горы, і запоўняцца табою ямы;
7 і калі будзеш чэзнуць, Я закрыю нябёсы і зацямню зоркі іх: сонца закрыю хмараю, і месяц не дасць свайго бляску;
8 усе светачы на небе Я дзеля цябе зацямню ды навяду цемру на тваю зямлю, — кажа Госпад Бог. —
9 І Я занепакою сэрца многіх народаў, калі ўчыню знішчэнне тваё сярод народаў, на землях, якіх не ведаеш.
10 І многія народы Я ўстрывожу дзеля цябе, і цары іх спалохаюцца дзеля цябе, калі пачне меч Мой уздымацца перад іх вачамі, і кожны будзе безупынна дрыжаць у страху аб жыцці сваім у дзень твайго падзення”.
11 Бо вось гэтак кажа Госпад: “Прыйдзе на цябе меч цара Бабілона,
12 Я разаб’ю мечамі мужных тваё мноства: яны належаць да найстрашнейшых сярод усіх народаў, і зломяць яны пыху Егіпта, і прападзе ўсё мноства яго.
13 І Я знішчу ўсю жывёлу яго, якая жыла над многімі водамі, і не патрывожыць іх больш нага чалавечая, ані капыт жывёлы не занепакоіць іх;
14 тады цалкам ачышчу іх воды, і рэкі іх, як алей, правяду Я, — кажа Госпад Бог.
15 Калі Я перамяню зямлю Егіпецкую ў пустыню, а зямля будзе пазбаўлена багацця свайго, калі заб’ю ўсіх жыхароў яе, тады даведаюцца, што Я — Госпад.
16 Вось, лямант, і будуць ім лямантаваць; будуць ім галасіць дочкі народаў; будуць ім плакаць дзеля Егіпта і дзеля ўсяго мноства яго будуць галасіць”, — кажа Госпад Бог».
17 І сталася ў дванаццатым годзе, у першым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
18 «Сын чалавечы, бядуй над людзьмі Егіпта і звядзі яго ў глыбіні падземныя, яго і дачок вялікіх народаў, з тымі, хто сыходзіць у магілу.
19 За каго ты лепшы? Сыдзі і супачні з неабрэзанымі.
20 Палягуць яны сярод забітых мечам; аддадзены мечу; сцягнулі яны яго і ўсе яго народы.
21 Хай скажуць пра яго ў сярэдзіне апраметнай наймагутнейшыя з магутных, калі разам са сваімі паплечнікамі сышлі яны ў магілу: “Маўчаць неабрэзаныя, забітыя мечам!”
22 Там Асірыя і ўсе яе дружыны, кругом яе труны яе — гэта ўсё забітыя, што паляглі ад меча;
23 іх труны былі змешчаны ў найглыбейшай рацэ, і яго дружыны сталі вакол яго труны; усе пазабіваныя паляглі ад меча — тыя, што палохалі калісьці краіну жывых.
24 Там Элам і ўсё мноства яго — кругом яго труны; гэта ўсё пазабіваныя, што паляглі ад меча, якія сышлі неабрэзаныя да падземнай краіны, гэта тыя, што сеялі калісьці страх у зямлі жывых, і ганьбу сваю яны панеслі з тымі, што сышлі ў магілу.
25 Паміж забітымі прыгатавалі яму ложак, паміж ўсяго яго мноства, кругом яго — труны яго, усе яны неабрэзаныя і забітыя мечам; пасеялі бо яны страх свой на зямлі жывых і панеслі ганьбу сваю з тымі, што сыходзяць у магілу, размясціліся яны сярод забітых.
26 Там — Масок, Тубал і ўсё яго мноства вакол яго — магілы яго, усе яны неабрэзаныя і мечам пазабіваныя, бо страх свой пасеялі ў зямлі жывых;
27 і ляжаць яны не пры ваярах, якія загінулі ў даўні час і ў сваёй зброі баявой сышлі ў апраметную, і паклалі мечы свае пад галовы свае, і былі шчыты іх — на костках іх, бо былі яны страхам для ваяроў у зямлі жывых.
28 Такім чынам, ты будзеш знішчаны сярод неабрэзаных і будзеш ляжаць сярод пазабіваных мечам.
29 Там — Ідумея, цары яе і ўсе князі яе, якія, хоць і мелі вялікую сілу, былі пакладзены між пазабіванымі мечам і якія ляжаць з неабрэзанымі і з тымі, што сышлі ў магілу.
30 Там усе валадары поўначы і ўсе сідонцы, якія сышлі разам з пазабіванымі ў страху сваім, асаромленыя ў адвазе сваёй; ляжаць яны, неабрэзаныя, з мечам пазабіванымі, і панеслі яны сваю ганьбу з тымі, што сыходзяць у магілу.
31 Убачыць іх фараон і цешыцца будзе са сваім мноствам. Фараон і ўсё яго войска ляжа ад меча, — кажа Госпад Бог, —
32 бо страх Свой пасеяў Я ў зямлі жывых; і кінуць яго сярод неабрэзаных, забітых мечам, фараона і ўсё яго мноства, — кажа Госпад Бог».
Иезекииль 32 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча