Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 39 глава
1 Ты ж, сын чалавечы, праракуй супраць Гога і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Гога, вялікага князя зямлі Масок і Тубал;
2 і Я павярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну з далёкай Поўначы ды завяду цябе на горы Ізраэля.
3 І зламаю твой лук у левай руцэ тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
4 На гарах Ізраэля ўпадзеш ты, і ўсе твае дружыны, і народы, якія з табою; драпежным птушкам усякага роду і дзікім звярам палявым на жыраванне аддаю Я цябе:
5 падзеш ты на адкрытым полі, бо Я гэта сказаў, — кажа Госпад Бог.
6 І спашлю Я агонь на Магога і на тых, хто бяспечна жыве на астравах, і пазнаюць яны, што Я — Госпад.
7 І імя Маё святое зраблю вядомым сярод народа Майго Ізраэля і не дазволю зневажаць імя Маё святое ў будучыні, і пагане пазнаюць, што Я — Госпад, Святы Ізраэлеў.
8 Вось, прыходзіць і спаўняецца! — кажа Госпад Бог, — гэта той дзень, аб якім сказаў Я.
9 І выйдуць жыхары з гарадоў Ізраэля, і распаляць агонь, і спаляць зброю, маленькія і вялікія шчыты, і лукі, і стрэлы, і булавы, і дзіды, і сем гадоў агнём паліць гэта будуць.
10 І не будуць яны прыносіць дроў з палёў, ані высякаць з лясоў, бо зброю будуць паліць у агні, і будуць рабаваць тых, якія іх рабавалі, і будуць браць здабычу з тых, якія з іх бралі здабычу, — кажа Госпад Бог.
11 І станецца, што ў той дзень Я вызначу Гогу слаўнае месца — магілу ў Ізраэлі, даліну Абарым на ўсход ад Мора, якая перапыняе дарогу для тых, хто праходзіць міма, і там пахаваюць яны Гога і ўсё яго войска, і назавуць яе далінаю Войска Гога.
12 І хаваць іх будуць ізраэльцы, каб ачысціць зямлю за сем месяцаў;
13 а яго пахавае ўвесь народ зямлі, і ў іх праславіцца дзень, у які Я буду ўслаўлены, — кажа Госпад Бог.
14 І яны вызначаць людзей, якія мусяць пастаянна ісці па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на паверхні зямлі, каб яе ачысціць; а як пройдзе сем месяцаў, пачнуць яны шукаць
15 і будуць яны хадзіць па зямлі, абыходзячы яе; і калі ўбачаць яны костку людскую, дык паставяць ля яе знак, аж пакуль не пахаваюць яе грабары ў даліне Войска Гога.
16 Таксама назва горада будзе Амона, і ачысцяць яны зямлю”.
17 А ты, сын чалавечы, — гэта кажа Госпад Бог, — кажы птушкам усякага роду і ўсім дзікім звярам палявым: “Збірайцеся, спяшайцеся, прыходзьце з усіх бакоў да Маёй ахвяры, якую Я ахвярую вам, вялікую ахвяру на гарах Ізраэля; каб елі вы мяса і пілі кроў!
18 Цела ваяроў будзеце есці і кроў магнатаў зямлі будзеце піць; усе бараны, ягняты, і казлы, і быкі — жывёла тлустая з Басана;
19 і спажываць будзеце тлушч дасыта, і кроў будзеце піць, аж будзеце п’яныя ад ахвяры, якую Я ахвярую для вас.
20 І пры Маім стале насыціцеся канём і запражным калясніцы, волатам і ўсякім ваяром”, — кажа Госпад Бог.
21 І пакладу Маю славу сярод паганаў, ды ўсе пагане ўбачаць Мой суд, які правяду, і таксама руку Маю, якую на іх пакладу.
22 І даведаецца дом Ізраэля, што Я — Госпад, іх Бог адгэтуль і назаўсёды,
23 І пагане зразумеюць, што ізраэльцы дзеля сваёй правіннасці былі захоплены, бо адышлі ад Мяне, і Я аблічча Маё схаваў ад іх і аддаў іх у рукі іх ворагаў, і пападалі яны ўсе ад меча.
24 Я зрабіў з імі паводле іх нячыстасці і паводле іх злачынстваў, і аблічча Маё схаваў ад іх.
25 Дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Цяпер Я змяню долю Якуба, і пашкадую ўвесь дом Ізраэля, і прыму руплівасць пра Сваё святое імя.
26 І будуць несці яны сваю ганьбу і ўсю нявернасць, якой дапусціліся адносна Мяне, калі жылі бяспечна на зямлі Сваёй, і ніхто не будзе іх непакоіць.
27 І пасярод народаў выведу іх, і забяру іх з земляў іх ворагаў, і асвячуся сярод іх на віду многіх паганаў,
28 і зразумеюць яны, што Я — Госпад, іх Бог, бо перасялю іх ад паганаў, збяру іх зноў у Сваёй зямлі, і не пакіну там аніводнага з іх.
29 І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо вылью Дух Мой на дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог».
Иезекииль 39 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча