Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Даниил 7 глава

1 У першы год Валтасара, цара Вавілонскага, бачыў Данііл сон і прарочыя ўявы галавы сваёй на сваім ложку. Тады ж ён запісаў гэты сон, сказаўшы самае сутнае.
2 Данііл загаварыў і сказаў: бачыў я ў начной уяве маёй, і вось, чатыры вятры нябесныя ўдарылі на вялікае мора,
3 і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, не падобныя адзін на аднаго.
4 Першы — як леў, а ў яго крылы арліныя; і вось вырвалі ў яго крылы, і ён быў падняты ад зямлі і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
5 І вось, яшчэ зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, стаяў на адным баку, і тры іклы ў яго ў пашчы, паміж зубамі ягонымі; яму сказана так: «устань, еж многа мяса!»
6 Потым бачыў я: вось — яшчэ зьвер, як барс; на сьпіне ў яго чатыры птушыныя крылы, і чатыры галавы былі ў таго зьвера, і была яму дадзена ўлада.
7 Пасьля бачыў я ў начных уявах, і вось — зьвер чацьвёрты, страшэнны і жудасны і бязь меры моцны; у яго — вялікія жалезныя зубы; ён пажырае і трушчыць, а рэшту топча нагамі; ён адрозьніваўся ад усіх ранейшых зьвяроў, і дзесяць рагоў было ў яго.
8 Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось, выйшаў паміж імі яшчэ адзін невялікі рог, а тры ранейшыя рогі былі з коранем вырваны перад ім, і вось, у гэтым розе былі вочы, як вочы чалавечыя, і вусны, якія гаварылі пагардліва.
9 Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго — як чыстая воўна, трон Яго — як вогненнае полымя, колы ў ім — палымяны агонь.
10 Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі.
11 Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню.
12 І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны.
13 Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго.
14 І Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; валадарства Ягонае — валадарства вечнае, яно ня мінецца, і царства Ягонае не разбурыцца.
15 Затрапятаў дух мой, Даніілаў, ува мне, у целе маім, і ўявы галавы маёй зьбянтэжылі мяне.
16 Я падышоў да аднаго, што стаяў наперадзе, і спытаўся ў яго пра сапраўдную сутнасьць усяго гэтага, і ён пачаў гаварыць са мною і растлумачыў мне сэнс сказанага:
17 «гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, азначаюць, што чатыры царствы паўстануць зь зямлі.
18 Потым прымуць царства сьвятыя Ўсявышняга і будуць валодаць царствам вавек і вавекі вякоў».
19 Тады пажадаў я дакладнага тлумачэньня пра чацьвёртага зьвера, які адрозьніваўся ад усіх і быў вельмі страшны, з зубамі жалезнымі і пазурамі меднымі, жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі,
20 і пра дзесяць рагоў, якія былі на галаве ў яго, і пра другі, што зноў выйшаў, перад якім выпалі тры, — пра той самы рог, у якога былі вочы і вусны, што гаварылі пагардліва, і які з выгляду стаў большы за астатнія.
21 Я бачыў, як гэты рог вёў лаянку са сьвятымі і адольваў іх,
22 пакуль ня прыйшоў Спрадвечны днямі, і суд дадзены быў сьвятым Усявышняга, і настаў час, каб царствам авалодалі сьвятыя.
23 Пра гэта ён сказаў: «зьвер чацьвёрты — на зямлі будзе чацьвёртае царства, якое адрозьніваецца ад усіх царстваў, яно будзе пажыраць усю зямлю, таптаць і трушчыць яе.
24 А дзесяць рагоў азначаюць, што з гэтага царства паўстануць дзесяць цароў, і пасьля іх паўстане іншы, не такі як ранейшыя, і зьнішчыць трох цароў,
25 і супроць Усявышняга будзе гаварыць словы і прыгнятаць сьвятых Усявышняга; нават задумае адмяніць у іх сьвяты і закон, і яны аддадзены будуць у руку яго да часу і часоў і паўчасу.
26 Потым засядуць судзьдзі і адбяруць у яго ўладу губіць і зьнішчаць да канца,
27 а царства і ўлада і веліч царская ва ўсёй паднябеснай дадзена будзе народу сьвятых Усявышняга, царства Якога — царства вечнае, і ўсе ўладары будуць служыць і слухацца Яго».
28 Тут канец слова. Мяне, Данііла, моцна турбавалі развагі мае, і аблічча маё зьмянілася на мне; але слова я захаваў у сэрцы маім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.