Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
От Луки 3 глава
1 На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,
2 пры першасвятарах Анну і Каяфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
3 І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,
4 як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока, які гаворыць: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.
5 Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,
6 і ўбачыць усякая плоць збаўленне Бога”».
7 І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто паказаў вам, што пазбегнеце будучага гневу?
8 Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: “Маем бацьку Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.
9 Ужо, вось, сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».
10 Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»
11 Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».
12 Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
13 А ён ім сказаў: «Нічога не патрабуйце больш таго, што вам прызначана».
14 Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».
15 А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,
16 Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але ідзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.
17 Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».
18 Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.
19 Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,
20 дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.
21 І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,
22 і Дух Святы цялесна ў выглядзе голуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».
23 Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сынам Гэлі,
24 сынам Матата, сынам Леві, сынам Мэльха, сынам Яная, сынам Язэпа,
25 сынам Мататыі, сынам Амоса, сынам Навума, сынам Эслі, сынам Нагі,
26 сынам Маата, сынам Мататыі, сынам Сямэя, сынам Язэха, сынам Ёды,
27 сынам Ёана, сынам Рэсы, сынам Зарабабэля, сынам Салатыэля, сынам Нэра,
28 сынам Мэльха, сынам Адзі, сынам Касама, сынам Эльмадама, сынам Гэра,
29 сынам Ешуа, сынам Эліязэра, сынам Ярыма, сынам Матата, сынам Леві,
30 сынам Сімяона, сынам Юды, сынам Язэпа, сынам Ёны, сынам Эліякіма,
31 сынам Мэлея, сынам Мэны, сынам Матата, сынам Натана, сынам Давіда,
32 сынам Ясэя, сынам Абэда, сынам Баоза, сынам Салмона, сынам Наасона,
33 сынам Амінадаба, сынам Адміна, сынам Арні, сынам Эсрома, сынам Пэрэса, сынам Юды,
34 сынам Якуба, сынам Ізаака, сынам Абрагама, сынам Тэраха, сынам Нахора,
35 сынам Сэруга, сынам Рагава, сынам Пэлега, сынам Гебэра, сынам Салы,
36 сынам Кайнана, сынам Арпаксада, сынам Сэма, сынам Ноя, сынам Ламэха,
37 сынам Мэтусалаха, сынам Гэноха, сынам Ярэда, сынам Малаліэля, сынам Кайнана,
38 сынам Эноса, сынам Сэта, сынам Адама, сынам Бога.
От Луки 3 глава в переводах