Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 16 глава

1 І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын веруючай жанчыны юдэйкі і бацькі грэка;
2 браты з Лістры і Іконіі добра пра яго сведчылі.
3 Яго Паўла захацеў узяць у дарогу з сабой і, прымаючы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцовасцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў грэкам.
4 Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузаліме пастановы.
5 І цэрквы ўмацоўваліся вераю, і штодзень раслі лікам.
6 Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галатыйскую, бо Дух Святы забараніў ім прамаўляць слова ў Азіі.
7 Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, спрабавалі ісці ў Бітынію, і Дух не дазволіў ім.
8 Перайшоўшы Мізію, яны накіраваліся ў Трааду.
9 І тут уночы Паўлу адкрылася ў з’яве: нейкі мацэдонец стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Мацэдонію, дапамажы нам!»
10 Як пабачыў ён з’яву, мы, не марудзячы, вырашылі выправіцца ў Мацэдонію, перакананыя, што Госпад паклікаў нас дабравесціць ім.
11 Выплыўшы з Траады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень — у Неапаль;
12 а адтуль — у Піліпы, галоўны горад той часткі Мацэдоніі, [рымскую] калонію. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.
13 А ў суботу выйшлі мы за горад да ракі, дзе звычайна моляцца, і, сеўшы, гутарылі з жанчынамі, што сабраліся.
14 І слухала адна богабаязная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца, каб успрымаць тое, што казаў Паўла.
15 І, калі была ахрышчана разам з домам сваім, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце мяне вернай Госпаду, увайдзіце ў дом мой і застаньцеся», і змусіла нас.
16 І сталася, што, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа варажбы, і прыносіла яна многа даходу сваім гаспадарам, праракуючы.
17 Яна, бегучы за Паўлам і за намі, крычала: «Гэтыя людзі — паслугачы Бога Узвышняга, яны прапаведуюць нам дарогу збаўлення».
18 І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла ж, у роспачы, павярнуўся і сказаў: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста, выйдзі з яе!», і ў тую ж гадзіну ён выйшаў.
19 Калі яе гаспадары ўбачылі, што надзея іх даходу знікла, дык, схапіўшы Паўлу і Сілу, завалаклі на рынак да начальнікаў
20 і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: «Гэтыя людзі, хоць і юдэі, уводзяць у замяшанне наш народ
21 і абвяшчаюць звычаі, якія нам не след прымаць ды выконваць, бо мы — рымляне».
22 І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў хвастаць іх кіямі, сцягнуўшы тунікі.
23 І, нанёсшы ім шматлікія раны, укінулі іх у вязніцу, загадваючы варце пільна іх вартаваць.
24 Атрымаўшы такі загад, вартавы кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і ногі іх замкнуў у калоду.
25 Апоўначы Паўла і Сіла, молячыся, услаўлялі Бога, і іншыя вязні слухалі іх.
26 Раптам сталася вялікае трасенне, аж захісталіся падмуркі астрога, і адчыніліся ўсе дзверы, ды з усіх апалі путы.
27 Калі вартавы абудзіўся і ўбачыў дзверы астрога адчыненыя, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязні паўцякалі.
28 Тады Паўла закрычаў на ўвесь голас, кажучы: «Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут».
29 Тады ён, запатрабаваўшы святла, ускочыў унутр ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўлы і Сілы.
30 І, вывеўшы іх вонкі, гаворыць: «Гаспадарове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?»
31 І яны сказалі: «Увер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».
32 І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.
33 І, узяўшы іх у тую ж гадзіну ўначы, абмыў раны іх, і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.
34 І, калі ўвёў іх у дом свой, запрасіў да стала ды з усім домам сваім вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
35 І, калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктараў сказаць: «Адпусціце гэтых людзей».
36 Вартавы астрога перадаў Паўлу гэтыя словы: «Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакоі».
37 Але Паўла сказаў ім: «Збіўшы нас прылюдна без суда, хоць мы — рымскія грамадзяне, яны кінулі нас у астрог, а цяпер цішком выпускаюць? О не! Хай прыйдуць і самі выведуць нас».
38 Ліктары перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымляне,
39 і, прыйшоўшы, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.
40 Яны ж, выйшаўшы з вязніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, суцешылі іх і выправіліся ў дарогу.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.