Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Деяния 16 глава

Пакліканне Цімафея1 Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка.
2 Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго.
3 Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. Узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам.
4 Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшынамі ў Ерузалеме.
5 Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.
Падарожжа праз Малую Азію6 Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі.
7 Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім.
8 Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду.
9 І меў Павел уначы бачанне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!»
10 Пасля гэтага бачання мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.
Павел у Філіпах11 Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракі, а на другі дзень у Неапаль,
12 і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
13 У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
14 Адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла.
15 Калі ж яна разам з домам сваім ахрысцілася, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся». І прымусіла нас.
Арышт Паўла і Сілы16 Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.
17 Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення».
18 Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў.
19 Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў.
20 Прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад
21 і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць».
22 Тады натоўп паўстаў супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі.
23 Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх.
24 Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.
Цудоўнае вызваленне з вязніцы25 Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх.
26 Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы.
27 Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам:
28 «Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут».
29 Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам.
30 Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Панове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму:
31 «Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой».
32 І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме.
33 У тую ж гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўся яго сям’я.
34 Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усімі хатнімі сваімі цешыўся, што паверыў у Бога.
35 Калі настаў дзень, кіраўнікі паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!»
36 Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі».
37 Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзянаў, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас».
38 Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне.
39 Таму прыйшлі і перапрасілі іх. І, вывеўшы, папрасілі пакінуць горад.
40 Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі да Лідзіі, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.