Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иакова 2 глава
1 Браты мае! Майце веру ў праслаўленага Госпада нашага Ісуса Хрыста, без аглядкі на асобы.
2 Бо калі б у ваша сабранне прыйшоў чалавек з залатым пярсцёнкам, багата апрануты, ды прыйшоў таксама і бедны ў мізэрным адзенні,
3 дык ці вы не звярнулі б увагі на таго, пышна апранутага, і ці не сказалі б: «Сядзь тут на выгодным месцы», а беднаму, пэўна, сказалі б: «Ты пастой там або сядзь каля маіх ног».
4 Дык ці вы не судзіце ў сабе і ці не робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае найдаражэйшыя! Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?
6 Вы ж зняважылі беднага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, і ці не яны цягаюць вас па судах?
7 Ці ж не яны блюзняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?
8 Дык калі выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго як самога сябе», — добра робіце.
9 Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаны законам як злачынцы.
10 Хоць бы хто выканаў увесь закон, а правініўся толькі ў адным, становіцца ва ўсім вінаватым.
11 Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.
12 Гаварыце і рабіце так, як тыя, якія павінны быць суджаны паводле закону свабоды.
13 Таму, хто не аказаў міласэрнасці, будзе суд без міласэрнасці, бо міласэрнасць вышэй за суд.
14 Што за карысць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў не меў бы? Ці ж здолее вера збавіць яго?
15 Калі брат або сястра не маюць у што апрануцца ды не маюць на штодзень ежы,
16 а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і ежце», ды не дасць ім таго, што неабходна целу, што за карысць?
17 Так і вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
18 Можа скажа хто: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі. Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру са сваіх учынкаў».
19 Ты верыш, што Бог адзін? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!
20 Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая?
21 Ці ж не ўчынкамі апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі прыносіў у ахвяру на ахвярніку сына свайго Ізаака?
22 Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз учынкі сфармавалася.
23 І споўнілася Пісанне, дзе сказана: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за праведнасць», і названы ён сябрам Божым.
24 Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, а не толькі вера?
25 Падобна і распусніца Рахаб ці не ўчынкамі была апраўдана, прымаючы выведнікаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?
26 Бо як цела без духа памерлае, так і вера без учынкаў мёртвая.
Иакова 2 глава в переводах