Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Ефесянам 4 глава
1 Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна паклікання, якім пакліканы,
2 з усёю пакорлівасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю і любоўю адны адных пераносячы,
3 імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою.
4 Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі паклікання вашага.
5 Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.
6 Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
7 Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстова.
8 Сказана: «Узышоў Ты на вышыню, павёў палоннага ў палон і даў дары людзям».
9 Што ж значыць «узышоў», як не тое, што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі?
10 Хто сышоў, Той Самы і ўзышоў вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць.
11 І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і настаўнікамі
12 на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстова,
13 аж пакуль не дойдзем усе да адзінства веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да поўнай меры веку поўні Хрыстовай,
14 каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, што хістаюцца і зацягваюцца ўсякім ветрам навукі па хітрыні людзей, па хітраму подступу спакушэння.
15 Трымаючыся праўды, ва ўсім узрастаем у любові да Таго, Хто ёсць Галава, да Хрыста,
16 з Якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі даравання, праз дзейнасць у патрэбную меру кожнага паасобнага члена ўзрастае на збудаванне самога сябе ў любові.
17 Вось, аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як іншыя народы ходзяць у марнасці розуму свайго,
18 маючы прыцемраныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага з-за няведання, што трывае ў іх праз асляпленне іх сэрца;
19 яны адурманены і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.
20 Але вы не гэтак пазналі Хрыста,
21 калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім былі навучаны, таму што праўда ў Ісусе.
22 Дык адкіньце ранейшыя звычкі старога чалавека, які прападае ў аблудных пажадлівасцях,
23 а аднавіцеся духам розуму вашага
24 і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасці і святасці праўды.
25 Дзеля таго, адкінуўшы падман, гаварыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.
26 Калі гневаецеся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;
27 і не давайце месца д’яблу.
28 Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі даброцці, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы таму, каму трэба.
29 Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаванне, каб давала ласку тым, што слухаюць.
30 І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы пазначаны на дзень адкуплення.
31 Хай пакінуць вас усякая прыкрасць, гнеў, і злосць, і звадка, і ачарненне, і ўсякая злоснасць.
32 Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.
Ефесянам 4 глава в переводах