Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
От Марка 5 глава
1 І прыйшлі на той бок мора, у старану Гадарэнскую.
2 І, калі выйшаў Ён з чаўна́, зараз жа пераняў Яго чалаве́к з магільніку, апанава́ны нячыстым.
3 Ён ме́ў жыльлё ў магілах; і ніхто ня мог яго зьвязаць навет ланцугамі,
4 бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня ме́ў сілы супакоіць яго;
5 заўседы ўначы і ўдзе́нь ён быў у го́рах ды ў магілах, крычучы́ і б’ючы́ сябе́ каме́ньмі.
6 Угле́дзіўшы-ж Ісуса здалёку, прыбе́г ды пакланіўся Яму
7 і, закрычэўшы моцным голасам, сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе́ Богам, ня муч мяне́!
8 (Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалаве́ка).
9 І спытаўся ў яго: як імя тваё? І ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа.
10 І дужа прасіў Яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае́.
11 Пасьвіўся-ж там ля гары вялікі гурт сьвіне́й.
12 І прасілі Яго ўсе́ дэманы: пашлі нас у сьвіне́й, каб нам увайсьці ў іх.
13 Ісус ураз жа дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіне́й, і кíнулася ста́да з кру́чы ў мора; было-ж каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры.
14 А тыя, што па́сьвілі сьвіне́й, пабе́глі ды абвясьцілі ў ме́сьце і па весках. І жы́хары выйшлі паглядзе́ць, што́ ста́лася.
15 Прыходзяць да Ісуса ды бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў іх легіён, сядзіць, адзе́ты, пры здаровым розуме; дык спало́халіся.
16 І бачыўшыя расказалі ім, як ста́лася з апанава́ным дэманамі, ды аб сьвіньнях.
17 І пачалі прасіць Яго адыйсьці ад ме́жаў іхніх.
18 І, калі Ён увайшоў у чо́вен, дык той, што быў апанаваны дэманамі, папрасіўся быць з Ім.
19 Але Ісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі дамоў да сваіх ды раскажы ім, што зрабіў табе́ Госпад і як зьлітаваўся над табою.
20 І пайшоў ды пачаў апавяда́ць у Дзесяціградзьдзі, што зрабіў з ім Ісус. І ўсе́ дзівіліся.
21 Калі Ісус ізноў перабраўся ў чаўне́ на другі бе́раг, сабралося да Яго множства народу. І быў Ён ля мора.
22 І вось прыходзіць адзін із школьных старшын, на імя Яір, і, угле́дзіўшы Яго, па́дае да ног Ягоных
23 і ве́льмі просіць Яго, ка́жучы: дачка́ мая ўмірае: прыйдзі, палажы на яе́ рукі, каб яна паздараве́ла і жыла.
24 І пайшоў з ім. І за Ім ішло шмат народу і ціснулі Яго.
25 І не́йкая жанчына, якая цярпе́ла ад крываце́чы дванаццаць гадоў
26 ды шмат вы́цярпела ад многіх дахтароў і патраціла на іх усё, ня маючы ніякае палёгкі, ды йшчэ больш хворая,
27 пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ззаду між народам і дакрану́лася да во́праткі Яго́нае,
28 бо казала: калі хоць да вопраткі Яго дакрану́ся, паздараве́ю.
29 І зараз задзяржалася ў яе́ крываце́ча, і пачула яна ў це́ле сваім, што паздараве́ла ад хворасьці.
30 У той жа час Ісус, пачу́ўшы Сам у Сабе́, што выйшла з Яго сіла, зьвярнуўся да народу і сказаў: хто дакрану́ўся да Мае́ адзе́жы?
31 Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што народ тоўпіцца ля Цябе́, і пытаешся: хто дакрану́ўся да Мяне́?
32 Але Ён аглянуўся наўкола, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
33 Жанчына-ж, спало́хаўшыся і дрыжучы́, бо ве́дала, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён жа сказаў ёй: дачка́! ве́ра твая збавіла цябе́. Ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хворасьці твае́.
35 Ён яшчэ гаварыў, калі прыходзяць ад школьнага старшыні ды кажуць: дачка́ твая памёрла; на што яшчэ турбу́еш вучыцеля?
36 Але Ісус, ураз пачуўшы гаво́раныя сло́вы, кажа да старшыні школы: ня бойся, толькі ве́р!
37 І не дазволіў нікому йсьці за Сабою, апрача́ Пятра́, Якава і Іоана, брата Якавага.
38 Прыходзіць у дом старшыні школы і бачыць трывогу, плач ды ля́мант вялікі.
39 І, увайшо́ўшы, кажа ім: чаго трыво́жыцеся ды пла́чаце? Дзяўчы́на ня ўме́рла, але сьпіць.
40 І сьмяяліся з Яго. Але Ён, вы́слаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацькоў дзяўчыны і быўшых з Ім ды ўваходзіць туды, дзе́ ляжала дзяўчына.
41 І, узяўшы дзяўчыну за руку, кажа да яе́: Таліта, кумі! што значыць: дзяўчына, табе́ кажу, уста́нь!
42 І ўраз жа ўстала дзяўчына і пачала хадзіць; а было ёй дванаццаць гадоў. І здуме́ліся ад дзіва вялікага.
43 І Ён цьвёрда прыказаў ім, каб ніхто аб гэтым ня ве́даў; і сказаў даць ёй е́сьці.
От Марка 5 глава в переводах