Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
От Марка 5 глава
1 І перайшлі на другі бок мора, у краіну гадарынаў.
2 І калі выходзіў Ён з лодкі, адразу ж з магіл да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,
3 які меў жыллё ў магілах, і ніхто не мог яго звязаць нават ланцугамі.
4 Бо яго шмат разоў скоўвалі і кайданамі, і ланцугамі, але рваў ланцугі і разбіваў кайданы, ды ніхто не мог яго ўтаймаваць.
5 І ён заўсёды ўночы і днём у магілах і гарах крычаў ды біў сябе камянямі.
6 І, здалёк бачачы Ісуса, прыбег і пакланіўся Яму,
7 і, крычучы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Заклінаю цябе Богам, каб мяне не мучыў».
8 Бо Ён казаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека».
9 І пытаўся ў яго: «Якое тваё імя?» І кажа Яму: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
10 Ды прасіў Яго вельмі, каб не выганяў іх прэч з краіны.
11 А там на гарах пасвіўся вельмі вялікі статак свінняў.
12 І ўсе дэманы прасілі Яго, кажучы: «Пусці нас у свінняў, каб маглі мы ў іх увайсці».
13 Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў свінняў. І амаль двухтысячны статак з вялікім імпэтам з адхону кінуўся ў мора і патануў.
14 Тыя ж, што пасвілі яго, паўцякалі і абвясцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
15 І прыйшлі да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, як ён сядзеў адзеты, пры здаровым розуме; таго, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра свінняў.
17 І пачалі яны прасіць Яго, каб адышоў ад іх межаў.
18 І, калі Ён уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны, каб яму застацца пры Ім.
19 Але Ісус не прыняў яго і гаворыць яму: «Ідзі да твайго дома і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як злітаваўся над табой».
20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
21 І, калі пераправіўся Ісус у лодцы праз мора, сышоўся да Яго вялікі натоўп, і Ён быў каля мора.
22 І прыйшоў адзін з начальнікаў сінагогі імем Яір, і, убачыўшы Яго, паў да ног Яго,
23 і вельмі прасіў Яго, шмат кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб паздаравела і жыла».
24 І Ісус пайшоў за ім, і велізарны натоўп ішоў за Ім, і націскаў на Яго.
25 І адна жанчына, якая была хворая на крывацечу аж дванаццаць гадоў,
26 якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасць патраціла, ды нічога не дабілася, але яшчэ горш чулася,
27 калі пачула пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго адзення,
28 бо яна казала: «Калі толькі дакрануся да Яго адзення, паздаравею».
29 І зараз жа перасох струмень крыві яе і адчула на целе, што паздаравела ад хворасці.
30 І Ісус, адразу адчуўшы, што магутнасць, якая ў Ім была, выйшла з Яго, звярнуўшыся да натоўпу, гаварыў: «Хто дакрануўся да адзення Майго?»
31 Вучні Яго казалі Яму: «Бачыш, як натоўп ціснецца да Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
32 Але Ён азіраўся вакол, каб пабачыць тую, якая зрабіла гэта.
33 Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
34 І Ісус сказаў ёй: «Дачка! Вера твая выратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй».
35 Калі яшчэ Ісус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сінагогі, кажучы: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
36 Ісус жа, як толькі пачуў сказанае слова, гаворыць начальніку сінагогі: «Не бойся, толькі май веру».
37 І не дазволіў нікому ісці за Ім, адно Пётры, Якубу і Яну, брату Якуба.
38 І прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і бачаць роспач, і плач, і галашэнне вялікае.
39 І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але спіць».
40 І смяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабой бацьку і маці дзяўчынкі і тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41 І, узяўшы за руку дзяўчынку, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
42 І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а было ёй дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.
43 І наказаў ім сурова, каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есці.
От Марка 5 глава в переводах