Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
От Марка 6 глава
1 І Ён выйшаў адтуль і прыходзіць на Сваю бацькаўшчыну, і ідуць услед за Ім Яго вучні.
2 І калі надышла субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе, і многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: Адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта? І што за мудрасць дадзена Яму? І такія цуды творацца Яго рукамі?
3 Ці гэта не цесля, сын Марыі і брат Іякава, і Іасіі, і Іуды, і Сімана? І ці не Яго сёстры тут у нас? — І яны зняверыліся ў Ім.
4 І казаў ім Ісус: Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, і ў сваіх родных, і ў сваім доме.
5 І Ён не мог зрабіць там ніводнага цуду, толькі няшмат хворых вылечыў, усклаўшы на іх рукі.
6 І здзіўляўся іх нявер’ю. І Ён абходзіў навакольныя сёлы і вучыў.
7 І паклікаў да Сябе дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па два і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
8 і загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апроч аднаго посаха, — ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў пояс,
9 але каб былі абутыя ў сандалі і сказаў: Не надзявайце двух хітонаў.
10 І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не выйдзеце адтуль.
11 І калі якое месца не прыме вас, і не паслухаюць вас, — выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з-пад сваіх ног у сведчанне супроць іх. [Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садому ці Гаморы ў дзень суда, чым таму гораду].
12 І, выйшаўшы, яны прапаведавалі, каб каяліся,
13 і выганялі шмат дэманаў і шмат нямоглых мазалі алеем і вылечвалі.
14 І дачуўся цар Ірад, бо Яго імя зрабілася вядомым і казалі: Іаан Хрысціцель уваскрэс з мёртвых і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.
15 Другія ж казалі: Ён Ілія. — А іншыя казалі: Ён прарок, як адзін з прарокаў.
16 А Ірад, пачуўшы, казаў: Іаан, якога я абезгаловіў, гэты быў уваскрэшаны.
17 Бо Ірад сам, паслаўшы людзей, схапіў Іаана і зняволіў яго ў турму з-за Ірадыяды, жонкі яго брата Філіпа, таму што ажаніўся з ёю;
18 бо Іаан казаў Іраду: Не дазваляецца табе мець жонку свайго брата!
19 У Ірадыяды ж была злосць на яго, і яна хацела яго забіць, ды не магла;
20 бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы, што ён чалавек праведны і святы, і абараняў яго, і, слухаючы яго, моцна бянтэжыўся, але ахвотна слухаў яго.
21 І надышоў зручны дзень, калі Ірад у дзень свайго нараджэння справіў банкет для сваіх вяльможаў і тысячаначальнікаў, і знатных людзей Галілеі,
22 і калі ўвайшла дачка тае Ірадыяды і станцавала, спадабалася яна Іраду і яго застольнікам. Цар сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, што хочаш, і дам табе.
23 І [моцна] пакляўся ёй: Чаго ў мяне ні папросіш, дам табе, аж да палавіны майго царства.
24 І, выйшаўшы, яна сказала сваёй маці: Што мне папрасіць? — І тая сказала: Галаву Іаана Хрысціцеля.
25 І яна, увайшоўшы адразу з паспешлівасцю да цара, папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты зараз жа даў мне на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
26 І вельмі засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў не захацеў адмовіць ёй;
27 і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці яго галаву. І той, пайшоўшы, абезгаловіў яго ў турме,
28 і прынёс яго галаву на талерцы і даў яе дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
29 І, пачуўшы пра гэта, яго вучні прыйшлі і ўзялі яго цела і паклалі яго ў магільню.
30 І збіраюцца апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
31 І Ён кажа ім: Ідзіце вы самі асобна ў пустэльнае месца і трохі адпачніце. — Бо шмат народу прыходзіла і адыходзіла і нават паесці ім не было калі.
32 І адышлі яны ў лодцы асобна ў пустэльнае месца.
33 І многія ўбачылі іх, калі яны адплывалі, і пазналі і збегліся туды па сушы з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, [і зышліся да Яго].
34 І Ён, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі, у якіх няма пастуха, і пачаў іх шмат навучаць.
35 І калі было позна ўжо, Яго вучні, падышоўшы да Яго, сказалі: Месца гэта пустэльнае, а ўжо час позні;
36 адпусці іх, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і сёлы, купілі сабе што паесці.
37 Ён жа ў адказ ім сказаў: Вы дайце ім есці. — І яны кажуць Яму: Ці не пайсці нам купіць хлеба дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?
38 Ён жа кажа ім: Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце. — І яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць і дзве рыбіны.
39 І Ён загадаў ім размясціць усіх групамі на зялёнай траве.
40 І ўзляглі яны радамі па сто і па пяцьдзясят.
41 І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даваў [Сваім] вучням, каб яны падавалі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42 І елі ўсе і наеліся,
43 і назбіралі дванаццаць кошыкаў, поўных кавалкаў хлеба і рэшткаў ад рыбы.
44 А было едакаў [хлеба] пяць тысяч мужчын.
45 І Ён адразу прымусіў Сваіх вучняў увайсці ў лодку і плысці ўперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпускае натоўп.
46 І, развітаўшыся з імі, пайшоў на гару памаліцца.
47 І калі надышоў вечар, лодка была пасярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
48 І, убачыўшы, як яны надрываюцца, вяслуючы, бо вецер быў супроць іх, каля чацвёртай варты ўночы прыходзіць Ён да іх, ідучы па моры; і хацеў абмінуць іх.
49 Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і ўскрыкнулі:
50 бо ўсе ўбачылі Яго і ўразіліся. Ён жа адразу загаварыў да іх і кажа ім: Адважней, гэта я, не бойцеся.
51 І ўзышоў да іх у лодку, і вецер суняўся. І яны [надзвычайна] моцна самі ў сабе дзівіліся;
52 бо не ўразумелі яны цуду з хлябамі, сэрца ж іх было скамянелае.
53 І, пераправіўшыся, прыплылі яны ў зямлю Геннісарэцкую і прычалілі.
54 І, калі яны выйшлі з лодкі, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
55 аббеглі ўсю тую ваколіцу і пачалі на пасцелях прыносіць нямоглых туды, дзе, яны чулі, Ён знаходзіцца.
56 І, дзе б Ён ні ўваходзіў у сёлы, ці ў гарады, ці ў вёскі, клалі хворых на рыначных плошчах і прасілі Яго, каб ім хоць бы да краю вопраткі Яго дакрануцца; і ўсе, хто дакрануўся да Яго, вылечваліся.
От Марка 6 глава в переводах