Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

От Марка 6 глава

1 Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.
2 Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?
3 ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.
4 А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.
5 І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.
6 І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў.
7 І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.
8 І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,
9 а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.
10 І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.
11 І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.
12 І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;
13 выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.
14 Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, — бо імя Ягонае стала слыннае, — казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
15 Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.
16 А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых.
17 Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю.
18 Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго.
19 А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла.
20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.
21 Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, —
22 дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
23 І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.
24 Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.
25 І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.
26 Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.
27 І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.
28 Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29 Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.
30 І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.
31 Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.
32 І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.
33 Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.
34 Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.
35 І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;
36 адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.
37 Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?
38 Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.
39 Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.
40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.
41 Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42 І елі ўсе і наеліся;
43 і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;
44 а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
45 І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.
46 І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47 Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48 І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.
49 Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
50 Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
51 І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.
52 Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.
53 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.
54 Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,
55 абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.
56 І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.

От Марка 6 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.