Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

От Марка 6 глава

1 І, выйшаўшы адтуль, Ісус прышоў у Сваю бацькаўшчыну; вучні Яго ішлі за Ім.
2 І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі?
3 Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта, Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго.
4 І гаварыў ім Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім».
5 І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.
6 І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы.
7 І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
8 і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
9 каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак.
10 Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль.
11 А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім. Сапраўды, кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суда, чым гораду гэтаму.»
12 І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання,
13 ды многа дэманаў выганялі, і многіх нямоглых намашчалі алеем і аздараўлялі.
14 І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму многа цудаў ён творыць».
15 Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
16 Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос з мёртвых».
17 Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку.
18 Бо Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
19 А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла,
20 бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.
21 І надышоў зручны дзень, і калі з нагоды свайго нараджэння Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старэйшын галілейскіх,
22 і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе».
23 І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго».
24 Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
25 І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
26 І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць,
27 і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы,
28 і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
29 Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле.
30 І, сышоўшыся да Ісуса, Апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі.
31 І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу.
32 І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны.
33 Але многія бачылі іх, як адплывалі, і пазналі куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зышліся да Яго.
34 І, выйшаўшы на бераг, Ісус убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа.
35 І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні,
36 адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак ды купілі хлеба, бо не маюць чаго есці».
37 Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?»
38 І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы».
39 Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі.
40 І паселі, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзясят.
41 І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, дабраславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.
42 І ўсе елі, і насыціліся,
43 і з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў і рэшткі рыбы.
44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
45 І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся ўперад на другі бок ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей.
46 І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца.
47 І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.
48 І, бачачы іх, як страцілі сілы, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
49 Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
50 Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!»
51 І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе,
52 бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх зачарсцвела.
53 І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага.
54 І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі,
55 і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.
56 І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.

От Марка 6 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.