Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Марка 6 глава
Езус у Назарэце1 Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні.
2 Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?
3 Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго.
4 А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго».
5 Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх.
6 І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.
Місія Дванаццаці7 Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
8 Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе,
9 але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
10 Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль.
11 Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім».
12 Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
13 выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
Смерць Яна Хрысціцеля14 Пачуў таксама кароль Ірад пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысціцель устаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
15 Іншыя казалі: «Гэта Ілля». А яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
16 Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: «Гэта Ян, якому я адсек галаву, ажыў!»
17 Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і закаваў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ён ажаніўся з ёй.
18 Бо Ян казаў Іраду: «Недазволена табе мець жонку брата твайго».
19 Таму Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла,
20 бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
21 І настаў зручны дзень, калі Ірад прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім у дзень сваіх народзін.
22 Калі ўвайшла дачка Ірадыяды і танцавала, яна спадабалася Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе».
23 І шмат у чым пакляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства».
24 Яна выйшла і сказала маці сваёй: «Чаго мне папрасіць?» Тая адказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
25 Яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты зараз жа даў мне на місе галаву Яна Хрысціцеля».
26 Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, не захацеў ёй адмовіць.
27 Таму адразу кароль паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву.
28 Затым прынёс на місе ягоную галаву і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
29 Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі, забралі ягонае цела і паклалі яго ў магілу.
Першае размнажэнне хлеба30 Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі.
31 А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці.
32 Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
33 Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
34 Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.
35 Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя;
36 адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці».
37 Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?»
38 А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны».
39 Тады загадаў ім пасадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
40 І паселі групамі па сто і па пяцьдзясят.
41 Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і разламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб яны раздалі ім; і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42 Усе елі і насыціліся.
43 І сабралі дванаццаць поўных кашоў кавалкаў і рэшты ад рыбы.
44 А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын.
Езус ідзе па моры45 І адразу загадаў вучням сваім увайсці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг да Бэтсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
46 Развітаўшыся з імі, Ён пайшоў на гару памаліцца.
47 Калі настаў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на беразе.
48 Убачыўшы іх знясіленых ад веславання, бо ім дзьмуў сустрэчны вецер, каля чацвёртай варты ночы Ён прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсці міма.
49 Калі ж яны ўбачылі, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, таму закрычалі.
50 Бо ўсе, убачыўшы Яго, спалохаліся. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў ім: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
51 І ўвайшоў да іх у човен, а вецер сціх. Яны вельмі здзіўляліся,
52 бо не разумелі цуду з хлебам, таму што сэрца іхняе было скамянелае.
Аздараўленні ў зямлі Генэзарэт53 Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт і прысталі да берага.
54 Калі яны выйшлі з чоўна, людзі, адразу пазнаўшы Яго,
55 аббеглі ўсё наваколле і пачалі прыносіць на насілках хворых туды, дзе, як чулі, Ён знаходзіўся.
56 І куды б Ён ні прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі.
От Марка 6 глава в переводах