Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Деяния 26 глава
1 Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Дазваляецца табе гаварыць за сябе». Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў:
2 «Валадару Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закідаюць мне Юдэі,
3 тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаяў Юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва.
4 Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі.
5 Ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканалейшага накірунку набажэнства нашага.
6 І цяпер я стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацькам нашым ад Бога,
7 асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ўдзень безупынна. За гэтую надзею і абвінавачваюць мяне Юдэі, валадару Агрыпа!
8 Што? Вы судзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых?
9 Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту,
10 што і рабіў у Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцу, і як іх забівалі, я даваў голас.
11 І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я прымушаў іх блюзьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
12 І з гэтым ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў,
13 пасярод дня, валадару, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной.
14 А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”.
15 А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш;
16 але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе,
17 вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
18 каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”.
19 Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў непаслухмяным відзежу нябеснаму,
20 але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіны Юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня.
21 За гэта Юдэі спрабавалі забіць мяне, схапіўшы ў сьвятыні.
22 Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі Прарокі і Майсей, што мае стацца:
23 што Хрыстос мае пакутаваць і, як Першы з уваскрасеньня мёртвых, мае прапаведаваць сьвятло народу [гэтаму] і паганам».
24 А калі ён гэтак адказваў, прамовіў Фэст моцным голасам: «Ты вар’яцееш, Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства».
25 А той кажа: «Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму,
26 бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзеялася.
27 Ці верыш ты Прарокам, валадару Агрыпа? Ведаю, што верыш».
28 Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Ты мала не пераканаў мяне стацца Хрысьціянінам!»
29 А Павал сказаў: «Маліў бы я Бога, каб памалу ці памногу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў».
30 І калі сказаў ён гэтае, устаў валадар, і ваявода, і Бэрніка, і тыя, што з імі сядзелі,
31 і, адыйшоўшыся ў бок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што нічога, вартага сьмерці або путаў ня робіць чалавек гэты.
32 А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара».
Деяния 26 глава в переводах