Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Деяния 26 глава

1 Агрыппа-ж прамовіў да Паўлы: Дазваляецца табе́ гаварыці аб сабе́. Тады Паўла, выцягнуўшы руку, пачаў апраўдывацца:
2 Цару Агрыппа, я лічу сябе́ шчасьлівым, прыступаючы сягоньня перад Табою да абароны ад усяго, у чым вінавацяць мяне Жыды,
3 бо ты найлепш ве́даеш усе́ звычаі Жыдоўскія ды спрэчкі. Дык прашу цябе́ выслухаць мяне́ вялікадушна.
4 Усе́нькае жыцьцё маё ад малых год, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерузаліме, ве́даюць усе́ Жыды,
5 знаючы мяне́ здаўна (калі-б захаце́лі сьве́дчыць), што я, як Фарысэй, жыў паводле найдасканальшае навукі ве́ры нашае.
6 І вось цяпе́р я стаю, як падсудны, за надзе́ю на абяцаньне, данае айцом нашым ад Бога,
7 асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых, служачы начамі і ўдзе́нь бязупынна. За гэту надзе́ю й абвінавачываюць мяне́ Жыды, о цар Агрыппа!
8 Што? Вам здае́цца непадобным да ве́ры, што Бог ускрашае ўме́ршых?
9 Дый мне́ яно здавалася, што я павінен шмат зрабіць супраць іме́ньня Ісуса Назарэя,
10 і рабіў у Ерузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замыкаў у вастрозе, а, як іх забівалі, даваў голас мой.
11 І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў зьневажа́ць; і, цераз ме́ру разьярыўшыся проці іх, перасьле́даваў іх навет і па чужых ме́стах.
12 Ды з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу й даручэньне ад архірэяў,
13 я ў палудзень, о цар, убачыў на дарозе сьвятло з не́ба, ярчэйшае за зьяньне сонца, якое асьвяціла мяне́ й тых, што йшлі са мной.
14 І, як усе́ мы паваліліся на зямлю, я пачуў голас, які прамовіў да мяне́, гаворачы па-жыдоўску: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш Мяне́? Цяжка табе́ пе́рці проці ражна.
15 Я-ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я — Ісус, Якога ты парасьле́дуеш;
16 але падыйміся й стань на ногі твае́, бо Я дзеля таго зьявіўся табе́, каб зрабіць цябе́ слугой ды сьве́дкай таго, што ты бачыў і што адкрыю табе́,
17 бяручы цябе́ з народу й ад паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе́,
18 каб расчыніў ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла́ й ад улады сатаны да Бога, ды праз ве́ру ў Мяне́ атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзе́л сярод пасьвячоных.
19 Дзеля гэтага, цару Агрыппа, я не супрацівіўся зьяве нябе́снай,
20 але абвяшчаў сьпярша́ жыхарам Дамаску й Ерузаліму, а пасьля ўсе́нькай зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся й навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя пакаяньня.
21 За гэта Жыды, схапіўшы мяне́ ў храме, памыкаліся забіць мяне́.
22 Але я дастаў падмогу ад Бога й да гэтага дня стаю, сьве́дчучы малому й вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што́ гаварылі Прарокі й Майсе́й, што мае стацца:
23 што Хрыстос мусіць быць замучаны і, Пе́ршы з уваскрасе́ньня ўме́ршых, мае абвясьціць сьвятло народу й паганам.
24 Калі ён гэтак апраўдываўся, сказаў Фэст моцным голасам: Ты шале́еш, Паўла! Вялікая навука даводзе цябе́ да шалу.
25 А той кажа: Не шале́ю, вяльможны Фэсьце, а кажу словы праўды й мудрасьці;
26 бо ве́дае гэта цар, перад якім і гавару сьме́ла, бо ве́даю, што нішто з гэтага перад ім не ўтаілася: не ў закуцьці-ж яно дзе́ялася.
27 Ці ве́рыш ты Прарокам, цару Агрыппа? Ве́даю, што ве́рыш.
28 Агрыппа-ж сказаў да Паўлы: Ты чуць-што не ўгаварыў мяне́ стацца Хрысьціянінам!
29 Паўла-ж сказаў: Маліў бы я Бога, каб хутка, ці ня хутка, ня толькі ты, але й усе, што слухаюць мяне́ сягоньня, сталіся такімі, як і я, па-за гэтымі путамі.
30 І, як сказаў ён гэтае, устаў цар і стараста й Вэрніка, дый тыя, што з імі сядзе́лі,
31 і, адыйшоўшыся ў бок, гутарылі паміж сабою, кажучы: што чалаве́к гэты ня робіць нічога, вартага сьме́рці або путаў.
32 Агрыппа сказаў Фэсту: Можна-б было звольніць гэтага чалаве́ка, калі-б не паклікаўся на Ке́сара.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.