Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

Деяния 26 глава

1 Агрыппа ж сказаў да Паўлы: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Паўла, працягнуўшы руку́, пачаў апраўдвацца.
2 Кароль Агрыппа, (я) лічу сябе шчасьлівым, быць гатовым сягоньня да абароны ад усяго, у чым вінавацяць (мяне) жыды,
3 бо ты найлепш ведаеш усе звы́чаі жыдоўскія і спрэчныя пытаньні. Дык прашу цябе выслухаць мяне цярпліва.
4 Жыцьцё маё ад юна́чых гадоў, якое ад пачатку прайшло сярод народу майго ў Ярузаліме, ведаюць усе жыды,
5 ведаючы мяне здаўна́ — калі б захацелі сьведчыць, — што я як хварысэй жыў паводля найдасканальшае навукі веры нашае.
6 І вось цяпер (я) стаю, як падсудны за надзею на абяцаньне, данае ба́цькам (нашым) ад Бога.
7 Дасягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых служачы ноччу і ўдзень рупліва. За гэту надзею вінавацяць мяне жыды, (о) кароль Агрыппа!
8 Што? Вам здаецца няверагодным, што Бог ускрашае мёртвых?
9 Дый мне яно здавалася, што мне належыць многа зрабіць супраць Іменьня Ісуса Назарэя,
10 што і зрабіў я ў Ярузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замкнуў у вастрогах, і як забівалі іх, (я) даваў голас (мой).
11 І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў да блюзьнерства і цераз меру раз’ярыўшыся супраць іх, перасьледаваў (іх) нават і да чужых местаў.
12 І з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу і даручэньне ад архірэяў,
13 у палу́дзень, на дарозе, о каролю, (я) убачыў сьвятло зь неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, (якое) асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мною.
14 І, як усе мы паваліліся на зямлю, (я) пачуў Голас, які прамовіў да мяне гаворачы жыдоўскай мовай: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Цяжка табе перці супраць ражна.
15 Я ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога ты перасьледуеш;
16 але падыйміся і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сьведкай таго, што ты ўбачыў і што адкрыю табе,
17 выбіраючы цябе з народу і (для) паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
18 каб расчыніць ім вочы, каб зьвярнуцца ім ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, ды праз веру ў Мяне атрымаць дараваньне грахоў і ўдзел сярод пасьвячоных.
19 Пагэтаму, кароль Агрыппа, я ня супрацівіўся зьяве нябеснай,
20 але абвяшчаў сьпярша жыхарам Дамаску і Ярузаліму, (а потым) і ўсёй зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся і навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі вартыя пакаяньня.
21 За гэта жыды, схапіўшы мяне ў Сьвятыні, памыка́ліся забіць (мяне).
22 Але атрымаўшы падмогу ад Бога і да гэтага дня стаю сьведчучы малому і вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што сказалі Прарокі і Масей, што мае стацца:
23 што Хрыстос прызначаны на пакуты і, Першы з ускрасеньня мёртвых мае абвясьціць сьвятло народу і паганам.
24 Калі ён гэтак апраўдываўся сказаў Хвэст громкім голасам: ты шалееш, Паўла, вялікая навука даводзіць цябе да ша́лу.
25 Ён жа кажа: ня шалею, вяльможны Хвэсьце, але кажу словы праўды і мудрасьці,
26 бо ведае аб гэтым кароль, перад якім і гавару сьмела, бо я ўпэўнены, што нішто з гэтага ад яго ня ўтаілася: бо ня ў закуцьці гэта было зроблена.
27 Ці верыш, кароль Агрыппа, Прарокам? ведаю, што верыш.
28 Агрыппа ж сказаў да Паўлы: ты амаль што пераконваеш мяне стацца хрысьціянінам!
29 Паўла ж сказаў: маліў бы я Бога, каб наогул ня толькі ты але і ўсе, што слухаюць мяне сягоньня, сталіся такімі, як і я акрамя гэтых путаў.
30 І, як сказаў ён гэтае, устаў кароль і правіцель і Бэрніка дый тыя, што зь імі сядзелі
31 і, адыйшоўшыся ўбок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што чалавек гэты ня робіць нічога вартага сьмерці або путаў.
32 Агрыппа ж сказаў Хвэсту: можна б было звольніць гэтага чалавека, калі б ня паклікаўся на кесара.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.