Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 23 глава

1 Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».
2 Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго па вуснах.
3 Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».
4 А тыя, якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага абражаеш?»
5 Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: “Кіраўніка народа твайго не абражай”».
6 І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садукеяў, а другая — фарысеяў, закрычаў перад радай: «Я — фарысей, мужы браты, і сын фарысееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».
7 Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарысеямі і садукеямі, і грамада раздзялілася.
8 Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
9 І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, кніжнікі з фарысейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл, дык не будзем змагацца супраць Бога».
10 І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.
11 У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Паўла, трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».
12 А як настаў дзень, некаторыя юдэі ўчынілі змову і пакляліся, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць Паўлу.
13 І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.
14 Яны пайшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.
15 Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён заўтра прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовы забіць яго перш, чым ён дойдзе».
16 Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.
17 Паўла ж паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».
18 Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».
19 Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»
20 Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.
21 Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».
22 Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў: «Нікому не гавары тое, што ты мне паведаміў».
23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзясят коннікаў ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.
24 Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».
25 Напісаў прытым ліст такога зместу:
26 «Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу — радавацца.
27 Гэтага чалавека схапілі юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — рымлянін.
28 Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, я адвёў яго ў іх раду
29 і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іх закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрога.
30 Калі ж мне паведамілі, што мела стацца ад юдэяў, аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой. Бывай здароў».
31 Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.
32 Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.
33 Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку ды паставілі Паўлу перад ім.
34 А намеснік, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,
35 сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.