Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Деяния 23 глава

1 Тады Паўла, уцеміўшыся ў сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты, я з усім добрым сумленьням жыў перад Богам дагэтуль».
2 Найвышшы ж сьвятар Ананя расказаў тым, што стаялі ля яго, біць яго па вуснах.
3 Тады Паўла сказаў яму: «Бог вытне цябе, пабеленая сьцяна; ты ж сядзіш, судзячы мяне з права, і напярэк праву расказуеш мяне біць».
4 Прытомныя ж сказалі: «На найвышшага сьвятара Божага вернеш?»
5 І сказаў Паўла: «Я ня ведаў, браты, што ён найвышшы сьвятар; бо напісана: "Ня гукай ліха на дзяржаўцу люду свайго"».
6 Паўла ж, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарысэяў, загукаў у сынэдрыёне: «Мужы браты, я фарысэй, сын фарысэяў, мяне судзяць за спадзеву а ўскрысеньне мертвых!»
7 Як жа ён сказаў гэта, паўстала нязгода памеж фарысэяў і садукеяў, і збор падзяліўся;
8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрысеньня, ані ангіла, ані духа; а фарысэі вызнаюць абое.
9 І быў вялікі вераск, і кніжнікі фарысэйскае часьці, стаўшы, сьперачаліся, кажучы: «Мы не знаходзім ліха ў гэтым чалавеку. Калі дух гукаў яму альбо ангіл, не ваюйма з Богам».
10 Як жа вялікая сумятня паўстала, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлы, расказаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго з пасярод іх і прывесьці да гораду.
11 Наступное ж ночы Спадар стаў ля яго й сказаў: «Асьмелься, бо як ты сьветчыў празь Мяне ў Ерузаліме, так маеш сьветчыць і ў Рыме».
12 А як разаднела, Жыды змовіліся, пастанавіўшы пад праклёнам, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўлы.
13 Было ж балей за сорак, што задзіночыліся гэтай змоваю.
14 І пайшлі яны да найвышшых сьвятароў а старцоў, кажучы: «Мы прысягнулі праклёнам нічога не паспытацца, пакуль не заб’ем Паўлы.
15 Дык вы цяпер асьветча тысячніку і сынэдрыёну, каб ён вывеў яго да вас, быццам хочаце дакладней разгледзіць справу ягоную; мы ж, уперад чымся ён дабліжыцца, гатовы забіць яго».
16 Але сын сястры Паўлавае, пачуўшы праз змову, прышоў, і ўвыйшоў да гораду, і наказаў Паўлу.
17 Паўла ж, пагукаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: «Вазьмі гэтага маладзёна да тысячніка, бо ён мае штось наказаць яму».
18 Дык ён, узяўшы яго, прывеў да тысячніка й кажа: «Вязень Паўла пагукаў мяне і прасіў завесьці да цябе гэтага маладзёна, каторы мае штось сказаць табе».
19 Тысячнік жа, узяўшы яго за руку і адышоўшы на бок, папытаўся: «Што ты хочаш сказаць імне?»
20 Тады ён сказаў: «Жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты вывеў Паўлу заўтра да сынэдрыёну, быццам дакладней выпытаць празь яго;
21 Але ты ня дайся ўмовіць ім, бо зь іх цікуюць на яго больш за сорак чалавекаў, каторыя пастанавілі пад праклёнам ня есьці ані піць, пакуль не заб’юць яго; і цяпер гатовы, чакаючы твае загады».
22 Тады тысячнік адпусьціў маладзёна, расказаўшы яму: «Нікому не кажы, што ты паведаў імне гэта».
23 І, пагукаўшы двух сотнікаў, сказаў: «На трэйцюю гадзіну ночы прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, семдзясят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў, ісьці аж да Цэсарэі.
24 І жывёла хай будзе прыгатавана, каб, пасадзіць Паўлу на іх і прывесьці бясьпечна да Хвэлікса, вайводы».
25 Напісаў і ліст гэткае хормы:
26 «Кляўд Ліс Найпачэсьліўшаму Вайводзе Хвэліксу — здарованьне.
27 Мужа гэтага Жыды, няўшы, зараз маніліся забіць; я насьпеў із жаўнерамі і выратаваў з рук іхных, даведаўшыся, што ён Рымлянін.
28 І, зычачы даведацца, у чым вінавалі яго, прывёў яго да сынэдрыёну іхнага,
29 І знайшоў, што яго вінуюць у нейкіх пытаньнях права іхнага, але няма ў ім ніякае віны, гожае сьмерці альбо зялезаў.
30 Адзяржаўшы ж ведамку праз змову на сьмерць на гэтага чалавека, я без адвалокі паслаў яго да цябе, расказаўшы й жалабнікам гукаць перад табою, што ё супроці яго. Заставайся здароў!»
31 Дык жаўнеры, за расказаньням ім, узялі Паўлу й прывялі яго ночы да Антыпатрыды.
32 А назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, зьвярнуліся да гораду.
33 А тыя, прышоўшы да Цэсарэі і аддаўшы ліст вайводзе, пастанавілі Паўлу таксама яму.
34 Прачытаўшы ліст, папытаўся, зь якое краіны ён быў, і даведаўшыся, што зь Кілікі, сказаў:
35 «Я выслухаю цябе, як пазоўнікі твае таксама стануць. І расказаў яго сьцерагчы ў доме Гірадавым.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.