Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 23 глава
1 Паўла ж, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: мужчыны браты! ува ўсім добрым сумленьні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
2 Архірэй жа Гананя загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны.
3 Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе, падбе́леная сьцяна! І ты сядзіш судзячы мяне паводля Закону, і парушаючы Закон загадваеш мяне біць.
4 А тыя, што стаялі побач, сказалі: архірэя Бога зьняважаеш?
5 Паўла ж сказаў: ня ведаў (я) браты, што ён архірэй. Бо напісана: на кіраўніка народу твайго ня кажы блага.
6 І даведаўшыся што адна часьціна ёсьць саддукеі, а другая хварысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыёне: мужчыны браты! я — хварысэй, сын хварысэявы. За надзею на ўскрасеньне мёртвых судзяць мяне!
7 Калі ж гэтае ён сказаў, узьнялася спрэчка паміж хварысэямі і саддукеямі, і разьдзялілася грамада.
8 Бо саддукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня ані Ангела ні духа, хварысэі ж прызнаюць і тое і другое.
9 І ўзьняўся вялікі крык. І ўстаўшы, кніжнікі хварысэйскай часткі спрачаліся, кажучы: нічога благога ня знаходзім (мы) у чалавеку гэтым. Калі ж дух сказаў яму, ці Ангел, ня змагаймася з Богам.
10 Калі ж спрэчка ўзмацнілася дык тысячнік, баючыся каб Паўла ня быў імі разарваны, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх ды весьці ў крэпасьць.
11 У наступную ноч зьявіўшыся яму Госпад сказаў: будзь мужны Паўла! бо як ты засьведчыў аба Мне ў Ярузаліме, гэтак мусіш засьведчыць і ў Рыме.
12 А як настаў дзень, нікаторыя жыды, зрабіўшы змову, да́лі зарок ка́жучы і ня есьці, і ня піці пакуль ня заб’юць Паўлу.
13 Было ж (іх) больш за сорак, што да́лі гэткі зарок.
14 Яны, прыступіўшы да архірэяў і старэйшынаў, сказалі: мы пакляліся клятваю нічога ня зьесьці пакуль ня заб’ём Паўлу.
15 Вы ж цяпер павядомце тысячніку разам з сынэдрыёнам, каб заўтра вывеў яго да вас быццам хочаце больш дакладней даведацца пра яго, а мы, перш чым ён падыйдзе, гатовы забіць яго.
16 Пачуўшы ж пра гэтую засаду сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, паведаміў Паўлу.
17 Паўла ж паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: гэтага юнака завядзі да тысячніка, бо (ён) мае нешта сказаць яму.
18 І той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: вязень Паўла, паклікаўшы мяне папрасіў завесьці да цябе гэтага юнака, які мае нешта сказаць табе.
19 Тысячнік, узяўшы ж яго за руку́ і адыйшоўшыся набок, запытаўся: што (ты) маеш сказаць мне?
20 І (ён) сказаў: жыды пастанавілі папрасіць цябе, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыёну, быццам (яны) хочуць уважлівей распытацца аб ім.
21 Ты ж ня паддавайся іхным довадам: бо яго падпільноўваюць больш за сорак мужчын зь іх, якія пакляліся ня есьці і ня піць пакуль ня заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ад цябе распараджэньня.
22 Дык тысячнік адпусьціў юнака, загадаўшы: нікому ня скажы, што гэта данёс да мяне.
23 І паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў сказаў: прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб прыйсьці да Кесары, ды коньнікаў семдзясят, ды стральцоў дзьвесьце — на трэйцюю гадзіну ночы.
24 Прыгатуйце і жывёлаў, каб пасадзіўшы Паўлу, адвесьці ў цэласьці да правіцеля Хвэлікса.
25 Напісаў ліст гэткага зьместу:
26 Клаўдзі Лізі вяльможнаму правіцелю Хвэліксу: радавацца!
27 Мужчыну гэтага, схопленага жыдамі, якія маніліся (яго) забіць, я, напаўшы на іх з войскам, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін.
28 Хочучы ж даведацца прычыну, за што вінавацяць яго, (я) прывёў яго ў іхны сынэдрыён
29 і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, ды што няма (у ім) ніякай віны вартай сьмерці ці кайданоў.
30 Калі ж я выкрыў змову супраць гэтага мужчыны, што мела стацца ад жыдоў, (я) ураз паслаў (яго) да цябе, загадаўшы і абвінавальнікам (ягоным) гаварыць супраць яго перад табою. Бывай здароў.
31 Дык жаўнеры, як ім было зага́дана, узяўшы Паўлу павялі ўначы ў Антыпатрыду;
32 а назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.
33 Тыя, прыйшоўшы ў Кесару і аддаўшы пісьмо правіцелю, паставілі перад ім і Паўлу.
34 Правіцель прачытаўшы і спытаўшы, зь якой ён правінцыі, ды даведаўшыся, што з Кілікі,
35 сказаў: (я) выслухаю цябе, як зьявяцца і твае абвініцелі. І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Гірада.
Деяния 23 глава в переводах