Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иакова 1 глава

1 Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!
2 Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
3 ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
4 а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
5 Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.
6 Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
7 Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
8 Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
9 Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
10 а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
11 узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
12 Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
13 У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
14 а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
15 а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
16 Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
17 Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
18 Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
19 Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
20 бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
21 Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
22 Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
23 Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
24 ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.
25 А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
26 Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
27 Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.