Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Иакова 1 глава

1 Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — ра́давацца!
2 З вялікаю радасьцяй прымайце (гзта), браты маі, калі папада́еце ў розныя спакушэньні,
3 ве́даючы, што выпрабаваньне вашае ве́ры вытварае цярплівасьць;
4 цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзе́ла, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы.
5 Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае́ ўсім проста і без дакораў, — і будзе яму дадзена.
6 Але няхай просіць з ве́раю, ані не сумляваючыся, бо той, хто сумляваецца, падобны да марское хвалі, якую ве́цер уздыймае й разьбівае.
7 Дык няхай ня думае гэткі чалаве́к, што не́шта дастане ад Госпада.
8 Двудушны чалаве́к няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.
9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваей высокасьцяй,
10 а багаты сваім паніжэньнем, бо праміне́, як цьве́т на траве́.
11 Бо ўзыйшло сонца са сьпе́кай і высушыла траву, і цьве́т яе́ апаў, і хараство аблічча яе счэзла; гэтак і багаты на шляхох сваіх завяне.
12 Шчасьлівы чалаве́к, які выдзе́ржывае спакусу, бо, як выпрабаваны, ён дастане вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 У часе спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне́ спакушае; бо Бог не спакушаецца злом, і сам нікога не спакушае.
14 А кожны спакушаецца, захоплены й прываблены ўласным пажаданьнем;
15 а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьме́рць.
16 Не баламуцьцеся, браты маі ўмілаваныя:
17 кожнае добрае даньнё і кожны дасканалы дар зыходзе з вышыні, ад Айца сьве́тласьцяў, у Якога няма адме́ны, ані зьме́ннасьці.
18 Захаце́ўшы, спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Яго.
19 Дык вось, браты маі ўмілаваныя, усякі чалаве́к няхай будзе хуткі паслухаць, павольны гаварыць, няскоры гне́вацца,
20 бо гне́ў чалаве́ка ня творыць праўды Божае.
21 Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і астачу злосьці, у пакоры прыме́це насаджа́нае слова, што душы вашыя збавіць можа.
22 Будзьце-ж выпаўніцелямі слова, а не слухача́мі толькі, ашуківаючымі самых сябе́.
23 Бо хто слухае слова і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, які разглядае прыраджонае аблічча свае́ ў люстры:
24 ён паглядзе́ў на сябе́ і адыйшоўся, ды ўраз жа забыўся, які ён.
25 Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім, той, стаючыся не слухачом забываючымся, але выпаўніцелем дзе́ла, шчасьлівы будзе ў дзе́яльнасьці.
26 Калі хто сярод вас думае, што ён багабойны, ды не закелза́е языка свайго, але ашуківае сэрца свае́, у таго багабойнасьць пустая.
27 Чыстая і беззаганная багабойнасьць перад Богам Айцом — у тым, каб даглядаць сірот і ўдоваў у горы іх і дзяржацца неапага́неным ад сьвету.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.