Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

От Луки 18 глава

Прыпавесць пра несправядлівага суддзю і ўдаву1 Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
2 кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3 Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.
4 Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
5 але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”».
6 І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя.
7 Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе?
8 Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Прыпавесць пра фарысея і мытніка9 Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі:
10 «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік.
12 Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”.
13 А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
14 Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Езус і дзеці15 Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
16 Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
17 Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
Багаты чалавек18 Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
19 Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
20 Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці».
21 Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
22 Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
23 Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
24 Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
25 Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
26 Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?»
27 А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
Узнагарода для тых, хто пакінуў усё28 Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою».
29 А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства,
30 і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
Трэцяе прадказанне мукі і ўваскрасення Езуса31 Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага,
32 бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць,
33 будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
34 Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
Аздараўленне сляпога ля Ерыхона35 Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну.
36 Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое.
37 Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін.
38 Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
39 Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
40 Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:
41 «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў».
42 І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе».
43 Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.

От Луки 18 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.