Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Луки 19 глава
Езус у доме Закхея1 Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон.
2 І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты,
3 стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту.
4 Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
5 А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме».
6 Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.
7 А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека».
8 Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш».
9 Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама.
10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
Прыпавесць пра міны11 Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства.
12 Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца.
13 Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”.
14 Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі!”
15 Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі.
16 Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадару, твая міна прынесла дзесяць мін”.
17 Той адказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”.
18 Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадару, твая міна прынесла пяць мін”.
19 Таксама сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”.
20 Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы,
21 бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”.
22 Той сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.
23 Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?”
24 Пасля сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”.
25 І сказалі яму: “Гаспадару, ён ужо мае дзесяць мін!”
26 Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.
27 А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»
28 Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМЕУрачысты ўезд у Ерузалем29 Калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,
30 кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Калі ўвойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
31 А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”».
32 Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім.
33 А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?»
34 Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану».
35 Прывялі яго да Езуса і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса.
36 А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе.
37 Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі,
38 кажучы: «Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!Спакой у небе і хвала на вышынях!»
39 Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!»
40 А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»
Плач над Ерузалемам41 Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім
42 і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
43 Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку,
44 зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў ».
Ачышчэнне святыні45 Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў,
46 кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
47 І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго.
48 І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.
От Луки 19 глава в переводах