Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
От Луки 18 глава
1 Казаў жа ім і прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня ўпадаць у роспач,
2 кажучы: у адным месту быў нейкі судзьдзя, які Бога ня баяўся і чалавека ня сароміўся.
3 І была ў тым месту адна ўдава, і (яна) прыходзіла да яго, кажучы: абарані мяне ад праціўніка майго,
4 але (ён) нейкі час ня хацеў. Пасьля ж гэтага (ён) сказаў сам сабе: хаця (я) і Бога ня баюся, і чалавека ня саромлюся,
5 але як гэтая ўдава ня дае мне спакою, абараню яе, каб (яна) ня прыходзіла бясконца і мучыла мяне.
6 І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
7 Ці ж Бог ня абароніць выбраных Сваіх, лямантуючых да Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць з дапамогай ім?
8 Кажу вам, што (Ён) хутка дапаможа ім. Тым ня менш Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9 Сказаў жа гэткую прыповесьць да нікаторых, што былі ўпэўненыя аб сабе, што яны праведныя, а другіх паніжалі:
10 два чалавекі ўвайшлі ў Сьвятыню памаліцца: адзін хварысэй, а другі мытнік.
11 Хварысэй, устаўшы, маліўся пра сябе так: Божа! дзякую Табе, што я ня такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправедныя, пералюбцы, або і як гэты мытнік:
12 пашчу два разы на тыдзень, даю дзясяцíну з усяго, што набываю.
13 Мытнік жа, стоячы воддаль, ня адважаўся нават вачэй да неба падняць, але біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.
14 Кажу вам: гэты пайшоў у дом свой (больш) апраўданы, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе вывышае, паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
15 Прыносілі ж да Яго і дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы (гэтае), забаранілі ім.
16 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Гаспадарства Бога.
17 Сапраўды кажу вам: калі хто ня прыйме Гаспадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.
18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае?
19 Сказаў жа яму Ісус: чаму называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
20 Ведаеш прыказаньні: ня чужалож, ня забівай, ня крадзі, ня сьведчы крыва; шануй бацьку твайго і матку тваю.
21 Ён жа сказаў: усё гэта (я) выканаў ад юнацтва майго.
22 Пачуўшы ж гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе ня хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і прыходзь, ідзі за Мною.
23 Ён жа, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо (ён) быў вельмі багаты.
24 Ісус, убачыўшы яго, што ён вельмі зажурыўся, сказаў: як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Гаспадарства Бога!
25 Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чымся багатаму ўвайсьці ў Гаспадарства Бога.
26 Пачуўшыя ж (гэтае) сказалі: хто тады можа быць збаўленым?
27 Ён жа сказаў: нямагчымае людзям, магчыма Богу.
28 Сказаў жа Пётра: вось мы ўсё пакінулі і пайшлі ўсьлед за Табою.
29 Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў, (ці сёстраў), ці жонку, ці дзяцей дзеля Гаспадарства Бога,
30 каторы ня атрымаў бы ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым — жыцьця вечнага.
31 І, адазваўшы дванаццаць, сказаў ім: вось (мы) узыходзім у Ярузалім, і збудзецца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага,
32 бо выдадуць Яго паганам і назьдзекуюцца над Ім, і будзе зьняважаны і апляваны;
33 і, зьбічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне.
34 Але яны нічога з гэтага ня зразуме́лі, і было слова гэтае закрыта для іх, і (яны) ня разуме́лі, што (Ён) гаворыць.
35 І сталася, пры набліжэньні Яго да Ярыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі жабруючы;
36 і, пачуўшы, што міма праходзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
37 А яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
38 Тады (ён) закрычаў, кажучы: Ісус, Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною!
39 А пярэднія крычалі на яго, каб (ён) змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною!
40 І, спыніўшыся, Ісус загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі (той) падыйшоў да Яго, (Ён) яго спытаў,
41 кажучы: што ты хочаш, каб (Я) зрабіў (табе)? Ён жа сказаў: Госпадзе! каб мне празерыць.
42 Тады Ісус сказаў яму: празер! вера твая ўратавала цябе.
43 І ён той жа час стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы (гэтае), аддаў хвалу Богу.
От Луки 18 глава в переводах