Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 3 глава
Аздараўленне кульгавага1 А дзевятай гадзіне Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву.
2 Быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога прыносілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.
3 Калі ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, папрасіў у іх міласціну.
4 Пётр прыгледзеўся з Янам да яго і сказаў:
5 «Паглядзі на нас». Той паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Але Пётр сказаў:
6 «Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!»
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. Адразу ўмацаваліся яго ногі і ступні.
8 Ён ускочыў, стаў на ногі і пачаў хадзіць, увайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.
9 Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога.
10 Пазналі яго, што гэта быў той, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.
Прамова Пятра да народу11 Ён не адступаўся ад Пятра і Яна, таму ўвесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.
12 Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: «Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся? Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць?
13 Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго.
14 Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць забойцу.
15 Вы забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.
16 І праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. Вера, што паходзіць ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.
17 Цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашыя кіраўнікі.
18 А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Яго Месія будзе цярпець.
19 Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя,
20 каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, — Езуса Хрыста,
21 якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.
22 Майсей сказаў: “Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых, падобнага да мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
23 А кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе”.
24 І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі гэтыя дні.
25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: “Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі”.
26 Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых».
Деяния 3 глава в переводах