Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Деяния 3 глава

1 Аднойчы Пётра і Ян разам уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
2 І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціну ў тых, што ўваходзілі ў святыню.
3 Ён, убачыўшы Пётру і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
4 Тады Пётра з Янам, паўзіраўшыся на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
5 А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
6 Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
8 і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў, ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
9 І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
10 і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
11 А як аздароўлены кульгач прытрымліваўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
12 Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Паслугача Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
14 вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,
15 а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
16 І праз веру ў імя Яго — гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэтае, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашы;
18 а Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
19 Дык навярніцеся і перамяніцеся, каб грахі вашы былі скасаваны,
20 каб насталі часы асвяжэння ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
21 Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, як спрадвеку прадказваў Бог вуснамі ўсіх святых Сваіх прарокаў.
22 Майсей жа сказаў бацькам: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа”.
24 І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі нашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: “У нашчадках тваіх дабраславёныя будуць усе зямныя народы”.
26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, каб дабраславіў вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці сваёй».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.