Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
1 Тимофею 6 глава
Гаспадары і слугі1 Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў годнымі ўсякай павагі, каб не зневажалася імя Божае і навука.
2 Тыя, хто мае веруючых гаспадароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя, і здзяйсняюць добрую справу. Гэтаму навучай і да гэтага заклікай.
Праўдзівыя і фальшывыя настаўнікі3 Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння,
4 той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні,
5 няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць — гэта прыбытак.
6 Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць.
7 Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці.
8 Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым.
9 А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі.
10 Бо корань усялякага зла — гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.
Заклік змагацца за веру11 Ты ж, чалавеча Божы, пазбягай гэтага, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці.
12 Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
13 Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне,
14 наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста,
15 якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі,
16 адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц. Амэн.
Выкарыстанне багаццяў17 Багатым гэтага веку загадвай, каб завысока пра сябе не думалі і не спадзяваліся на няпэўнае багацце, але на Бога, які шчодра дае нам усё для карыстання.
18 Няхай робяць дабро, багацеюць добрымі ўчынкамі, будуць шчодрымі, дзяляцца з іншымі.
19 Так, збіраючы сабе добры скарб на будучае, забяспечаць сабе сапраўднае жыццё.
Заканчэнне20 О Цімафею, беражы гэты дэпазіт веры, пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання,
21 ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры. Ласка з вамі.
1 Тимофею 6 глава в переводах