Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
1 Тимофею 6 глава
1 Усе рабы, якія пад ярмом, павінны лічыць сваіх гаспадароў вартымі ўсякай чэсьці, каб ня было ганьбаваным Імя Бога і вучэньне.
2 А тыя, хто мае гаспадарамі вернікаў, ня павінны імі грэбаваць, толькі таму, што яны браты; але тым больш павінны ім служыць, таму што яны вернікі і любасныя, якія прымаюць удзел у добрых учынках. Гэтаму вучы і пераконавай.
3 Калі хто вучыць іншаму і ня згаджаецца са здаровымі Словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і з вучэньнем пра багабойнасьць,
4 той надзьмуўся ад ганарлівасьці, нічога ня ведае, але захоплены прагай да спрэчак і словазмаганьняў, ад чаго паходзяць зайздрасьць, сваркі, зламоўі, ліхія падазрэньні,
5 пустыя спрэчкі паміж людзьмі з сапсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што багабойнасьць зьяўляецца сродкам для прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.
6 Але вялікім набыткам ёсьць багабойнасьць з задаволенасьцю.
7 Бо мы нічога ня прынесьлі ў гэты сьвет; таксама і вынясьці зь яго нічога ня можам.
8 Дык маючы ежу і вопратку, будзем гэтым задаволены.
9 А тыя, што жадаюць разбагацець, упадаюць у спакусу і пастку і многія няразумныя і шкодныя пажадлівасьці, якія топяць людзей у зьніштажэньні і загубе.
10 Бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, нікаторыя ўхіліліся ад веры і наклікалі на сябе многія мукі.
11 Ты ж, о чалавек Божы, ухіляйся ад гэтага, але дасягай праведнасьці, багабойнасьці, (памнажэньня) веры, любові, цярплівасьці, ціхасьці.
12 Змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і быў прыкліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
13 Я загадваю табе — перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне —
14 зьберагчы гэтае прыказаньне чыстым, бяззаганным, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое ў свой час пакажа багаславёны і адзіны Валадар, Кароль над каралямі і Госпад над гаспадарамі,
16 Адзіны, Які мае нясьмяротнасьць, Які жыве ў сьвятле няпрыступным, Якого ніхто зь людзей ня бачыў, і ўбачыць ня можа, Якому чэсьць і ўлада вечная. Амін.
17 Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб высока пра сябе ня думалі і ня спадзяваліся на багацьце нянадзейнае, але на Бога жывога, Які дае нам са збыткам усё патрэбнае;
18 рабілі дабро, багацелі на ўчынкі добрыя, былі шчодрымі, ахвотна дзяліліся,
19 зьбіраючы сабе скарб — добрую аснову для будучыні, каб дасягнуць ім жыцьця вечнага.
20 О, Цімахвею! Беражы, што табе даверана, ухіляючыся ад агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сьцьверджаньняў хвальшывай навукі,
21 аддаўшыся якой, нікаторыя адступіліся ад веры. Багадаць з табою. Амін.
1 Тимофею 6 глава в переводах