Библия » Пераклад П. Татарыновіча
1 Тимофею 6 глава
1 Усе знайходзячыяся пад ярмом слугі хай уважаюць гаспадароў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб не было ганьбаваньня іменьню Божаму й навуцы.
2 А тые, што маюць гаспадарамі хрысьціян, хай не адносяцца да іх з халоднай абыднасьцяй, што яны браты, але тым ахватней хай служаць ім, бо яны веручые і мілые дабрадзейнасьцю. Гэтага вось навучай і да гэтага заахвочвай.
3 Калі-ж хто інакш навучае і ня йдзе за здаровымі славамі Ўсеўладара нашага Езуса Хрыстуса і за навукай аб богабоязі,
4 той пышны ёсьць, няўмека, аж да хворасьці задорлівы словаспрэчнік; ад гэтага родзяцца ненавіснасьць, сваркі, западозранасьць, брыдамоўства,
5 няўпынные споры людзей папсаванага розуму, што згубілі праўду і ўважаюць пабожнасьць за крыніцу даходу.
6 Але вялікім набыткам ёсьць сама пабожнасьць, калі памагае нам і малым (самым толькі неабходным) задавольвацца.
7 Бо мы-ж нічога не прыняслі на сьвет гэты, дык ясна, што нічога й вынесьці ня можам:
8 маючы еміну і вопратку, будзем здаволены гэтым.
9 Тые-ж, што жадаюць узбагаціцца, упадаюць у спакусу і цянёты ды ў многія неразумныя й шкодныя прыжадлівасьці, топячыя людзей у няшчасьці і загубе;
10 бо корэнем усяго благога ёсьць пажадлівасьць, якой некаторые паддаўшыся, адпалі ад веры й самы сябе ўпуталі ў горкую журбу.
11 Але ты, чалавечэ Божы, уцякай ад гэтага, а будзь спасьцейлівы ў справядлівасьць, богабоязі, веры, любасці, цярплівасьці й лагоднасьці;
12 змагайся добрым змаганьнем веры, здабывай жыцьцё вечнае, да якога пакліканы і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьветкамі.
13 Перад Богам усёажыўляючым, ды перад Хрыстусам Езусам, які прад Понцкім Пілатам засьветчыў добрае вызнаньне, загадваю табе
14 датрымаць гэты запавет бездакорна чыстым аж да прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
15 якое ў сваім часе адкрые дабраслаўлёны й адзіны магут уладароў Усеваладар і спадароў Усеспадар,
16 адзіны, што мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці няпрыступнай, якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і ўсеваладарэньне вечнае. Амэн.
17 Багатых гэтага сьвету напамінай, каб яны ня пышніліся ды не спадзяваліся на сваё багацьце няпэўданае, але на Бога жывога, які дае нам шчодра да ўжываньня;
18 каб яны дабро тварылі, багаціліся шчодрымі ўчынкамі й сужыцьцём,
19 скарбячы сабе добры грунт на будучыню, з асягненьнем жыцьця праўдзівага.
20 О, Тыматэю! Ахоўвай павераны табе скарб (аб’яўленай праўды), ухіляючыся ад сьветавага пустаслоўя і спрэчных цьверджаньняў быццамнавукі,
21 за якою ўганяючыся, некаторые адпалі ад веры. Ласка з табою. Амэн.
1 Тимофею 6 глава в переводах