Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Тимофею 6 глава

1 Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
2 Якія маюць верных гаспадарамі, няхай імі не пагарджаюць, дзеля таго, што яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
3 Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
4 той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць зайздрасць, звадкі, блюзненні, ліхія падазрэнні,
5 пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку. Ухіляйся ад гэткіх.
6 Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
7 Бо нічога мы не прынеслі на свет, ясна, і вынесці нічога не можам.
8 Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
9 А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
10 Бо корань усяго ліхога ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
11 А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
12 Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты і пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
13 Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
14 каб ты захаваў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое выявіць у свой час дабраславёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
16 Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
17 Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога жывога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для асалоды,
18 каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
19 збіралі сабе скарб, як падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё вечнае.
20 О Цімафею, беражы перададзенае табе, пазбягай агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сцвярджэнняў фальшывай навукі,
21 якой аддаўшыся, некаторыя адступіліся ад веры. Ласка з табою. Амін.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.