Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 16 глава
1 І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! паведамі Ерузаліму агіды яго
3 Й скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР Ерузаліму: ’Паходжаньне твае а нараджэньне твае ад зямлі Канаанскае; айцец твой Аморэй, і маці твая Гэцічанка.
4 І што да нараджэньня твайго: як ты нарадзілася, пупа твайго не абразалі й не абмылі цябе вадою, каб ачысьціць, ты ані ня была абсыпана сольлю й ані ня была спавіта.
5 Нічые вока ня зжалілася над табою, каб зрабіць табе што-колечы з гэтых, мець міласэрдзе над табою; але, у дзень нараджэньня свайго, была выкінена на чыстае поле з прычыны агіднасьці свае.
6 І як Я праходзіў ля цябе, і бачыў, што ты качалася ў крыві сваёй, і сказаў табе: "У крыві сваёй жыві". І сказаў табе: "У крыві сваёй жыві".
7 Я памножыў цябе, як расьліну палявую; ты вырасла высокая й дужая, і стала прыборам над прыборамі, разьвіліся пелькі і вырасьлі валасы; заставалася ты, адылі, не накрыўшыся а голая.
8 І як Я праходзіў ля цябе й абачыў цябе, вось, пара твая — пара каханьня; і Я расьцягнуў крысо Свае на цябе, і накрыў голасьць тваю; і Я прысягнуў табе і ўступіў у змову з табою, — агалашае Спадар СПАДАР, — і ты стала Маёй.
9 І абмыў цябе вадою, і змыў зь цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеям;
10 Я адзеў цябе вышыванаю адзежаю, і абуў барсуковаю скураю, і паперазаў цябе цянюсенькім палатном, і накрыў цябе шоўкам;
11 І прыбраў цябе прыборамі, і ўзлажыў бружлеты на рукі твае і ланцужок на шыю тваю;
12 І зацягнуў жуковіну ў нос твой і завушніцы — у вушы твае, і ўзлажыў пазорную карону на галаву тваю.
13 Гэтак ты прыбіралася золатам а срэбрам, і адзецьце твае зь цянюсенькага палатна а шоўку а вышываных тканінаў; жывілася ты пшоннаю мукою а мёдам а алеям, і была надзвычайнага пазору, і мела дасьпех у каралеўстве.
14 І слава твая разышлася меж народаў з прычыны харашыні твае, бо яна была дасканальная ад пазору Майго, каторы Я ўзлажыў на цябе, — агалашае Спадар СПАДАР. —
15 Але ты паспадзявалася на харашыню сваю й бязуліла, карыстаючыся із славы свае, і вылівала бязулства свае на кажнага праходзячага міма, ягонаю ты была.
16 І брала з адзецьцяў сваіх, і зрабіла калярыстыя ўзвышшы сабе, і бязуліла на іх, як ніколі ня бывала й ня мела быць.
17 І ўзяла харошыя прыборы свае із золата Майго а із срэбра Майго, што Я даў табе, і зрабіла сабе абразы мужчынаў, і бязуліла зь імі.
18 І ўзяла вышываныя адзецьці, і накрыла іх, алей Мой а кадзіла Мае клала перад імі.
19 І еміну Маю, што Я даваў табе, пшонную муку а алей а мёд, каторымі Я жывіў цябе, ты клала перад імі на прыемны пах; і гэтак яно было, — агалашае Спадар СПАДАР. —
20 Адлі ўзяла сыноў сваіх а дачкі свае, каторых ты нарадзіла Імне, і абракла іх пажэрці. Ці мала бязулства твайго?
21 Ты рэзала й дзеці Мае й давала іх праводзіць перазь цяпло да іх?
22 І ў вусіх агідах сваіх а бязулствах сваіх ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, як ты была ненакрыўшыся а голая, качалася ў крыві сваёй.
23 І сталася просьле ўсяе нягоднасьці твае ("Авохці, авохці табе", — агалашае Спадар СПАДАР),
24 Што ты ўладзіла сабе бязульны дом, і зрабіла сабе ўзвышша на кажнай вуліцы,
25 І на ростанях кажнае дарогі зрабіла сабе ўзвышша, і зрабіла харашыню сваю абрыдлаю, і расклала ногі свае кажнаму праходзячаму, і памножыла бязулствы свае;
26 І бязуліла зь Ягіпцянамі, суседзямі сваімі вялікага цела, і памножыла бязулства, каб гнявіць Мяне.
27 Вось, Я выцягну руку Сваю на цябе, і паменшу прызначанае табе, і аддам цябе на самадыю тым, што ненавідзяць цябе, дачкам Пілісцкім, што засаромлены за бессаромную дарогу тваю.
28 Ты бязуліла таксама із сынамі Асуру з прычыны нянасыці свае; але, ты бязуліла зь імі, і не насыцілася;
29 Адлі памножыла бязулства свае ў зямлі Канаанскай аж да Хальдэі, і таксама гэтым не насыцілася’"».
30 «Якое кволае сэрца твае, — агалашае Спадар СПАДАР, — бачачы, што ты рабіла ўсе гэта, работу пануючае бязульнае жонкі.
31 Як ты снудзіла бязульныя дамы свае на ростанях кажнае дарогі і рабіла ўзвышшы свае на кажнай вуліцы, то ты ня была, як бязуля, бо грэбавала заплатаю,
32 Але як жонка чужаложніца, што бярэць чужых замест мужа свайго.
33 Усім бязулям даюць падаркі, але ты даеш падаркі ўсім палюбоўнікам сваім і даеш лапаны ім, каб яны зусуль прыходзілі да цябе на бязулства твае.
34 І ў бязулстве тваім ё наадварот у цябе супроці жанок, бо ня гналіся за табою дзеля бязулства, у бязулстве сваім плаціла ты, прымеж тога ніхто не плаціў табе; значыцца, было наадварот».
35 Затым, бязуля, слухай слова СПАДАРОВА:
36 Гэтак Спадар СПАДАР: «За тое, што нечысьць твая была выліта, і голасьць твая адкрыта бязулствам тваім із палюбоўнікамі тваімі а ўсімі балванамі агідаў тваіх, і за кроў дзяцей тваіх, каторых ты аддала ім,
37 Вось, за тое Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, з каторымі ты мела ўзаем’е, і ўсіх, што ты любіла, з усімі, што ты ненавідзіла, і зьбяру іх адусюль супроці цябе, і адкрыю голасьць тваю ім, каб яны бачылі ўсю голасьць тваю.
38 І буду судзіць цябе судам чужаложніцаў і разьліваючых кроў, і прывяду на цябе крывавы гнеў а завісьць;
39 І аддам цябе таксама ў рукі ім, і спустошаць бязульныя дамы твае, і абураць узвышшы твае, зьдзяруць ізь цябе таксама адзецьці твае, і возьмуць снадзі пазору твайго, і пакінуць цябе ненакрытаю а голаю.
40 І ўзьвядуць грамаду на цябе, і ўкамянуюць цябе, і пратнуць цябе мячамі сваімі.
41 І спаляць цяплом дамы твае, і ўчыняць суды на цябе — крывавы гнеў а завісьць; і спыню бязулства твае, і таксама ўжо не дасі платы.
42 Дык спаганю Сваю злосьць на табе, і завісьць Мая адступе ад цябе, і Я супакоюся і болей ня буду гневацца.
43 За тое, што ты ня ўспомнела дзён маладосьці свае, але квяліла Мяне ўсім гэтым, вось, я абярну дарогу тваю на галаву тваю, агалашае Спадар СПАДАР; ці ты не дадала ўсяе гэтае бессаромнае непасьцівасьці да ўсіх агідаў сваіх?
44 Гля, кажны прыказьнік ужывець прыказь празь цябе, кажучы: "Якая маці, такая дачка ейная".
45 Ты — дачка маці свае, што брыдзілася мужам сваім і дзецьмі сваімі, і ты — сястра над сёстрамі тым, што брыдзіліся мужамі сваімі й дзецьмі сваімі. Маці твая Гэцічанка і айцец твой Аморэй.
46 Сястра твая вялікая — Самара, яна а дачкі ейныя, што жывець налева ад цябе; а малодшая сястра твая, што жывець направа ад цябе, — Содома а дачкі ейныя.
47 Ты, адылі, не хадзіла па дарогах іхных і не рабіла подле агідаў іхных, але быццам вельма мала было табе іхнага, ты папсавалася болей за іх на ўсіх дарогах сваіх.
48 Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — Содома, сястра твая, не рабіла, яна ані дачкі ейныя, як рабіла ты, ты а дачкі твае.
49 Вось, гэта было бяспраўе сястры твае Содомы: пыха, пярэсыць і нядбайлівы супакой быў у яе а ў дачок ейных, і рукі ўбогага а беднага ня сіліла.
50 І былі яны пыхатыя, і рабілі агіду перад Імною; затым Я адхінуў іх, як абачыў гэта.
51 І Самара не зрабіла палавіцы грахоў тваіх, але ты памножыла агіды свае болей, як яны, і аправіла сёстры свае ўсімі агідамі сваімі, што ты дзеяла.
52 Таксама ты, што судзіла сёстры свае, нясі сорам свой за грахі свае, што ў цябе агіднейшыя, чымся ў іх: яны справядліўшыя за цябе; і таксама за тое саромяйся а нясі ганьбу сваю, што ты аправіла сёстры свае.
53 І Я зьвярну палон іхны, палон Содомы а дачок ейных і палон Самары а дачок ейных; тады зьвярну палон палоненікаў тваіх сярод іх,
54 Каб ты несла паганьбеньне свае й саромілася таго, што ты зрабіла, цешачы іх.
55 Як сёстры твае, Содома а дачкі ейныя, зьвернуцце да свайго пярэдняга стану, і Самара а дачкі ейныя зьвернуцца да свайго пярэдняга стану, тады ты а дачкі твае зьвернецеся да свайго пярэдняга стану.
56 Бо сястры свае Содомы ты не менавала вуснамі сваімі ў дзень пыхі свае,
57 Пакуль не адкрылася нягоднасьць твая, як часу ўпікаў ад дачок Арамскіх і ўсіх, што навокал іх, дачок Пілісцкіх, што ўсі навокал грэбуюць табою.
58 Ты будзеш насіць бязулства а агіды свае», — агалашае СПАДАР;
59 Бо гэтак каже Спадар СПАДАР: «Я ўчыню табе, як учыніла ты, грэбуючы прысягаю і ўзрушаючы змову.
60 Я, адылі, успомню змову Сваю з табою за дзён маладосьці твае, і ўставаўлю вечную змову з табою.
61 Тады ты ўспомніш дарогі свае і засаромішся, як возьмеш сёстры свае, старшую сваю й малодшую сваю, і Я дам табе іх за дачкі, але ня подле змовы твае.
62 І Я ўстанаўлю змову Сваю з табою, і даведаешся, што Я — СПАДАР,
63 Каб ты ўспамінала й саромілася, і наперад вуснаў сваіх не адчыняла ад сораму, як Я дарую табе ўсе, што ты зрабіла», — агалашае Спадар СПАДАР.
Иезекииль 16 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча