Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Иезекииль 16 глава
1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! выкажы Ерусаліму гідоты ягоныя
3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог дачцэ Ерусаліма: твой корань і твая радзіма — у зямлі Ханаанскай; бацька твой — Амарэй, і маці твая — Хэтэянка;
4 пры нараджэньні тваім — у дзень, калі ты нарадзілася, — пупа твайго не адрэзалі, і вадою ты ня была абмыта дзеля ачышчэньня і сольлю ня была асолена і пялюшкамі не спавіта.
5 Нічыё вока не ўмілажалілася зь цябе, каб зь літасьці да цябе зрабіць табе што-небудзь з гэтага; але ты выкінута была на поле, паводле пагарды да жыцьця твайго, у дзень нараджэньня твайго.
6 І праходзіў Я міма цябе і ўгледзеў цябе, кінутую на патаптаньне ў крыві тваёй, і сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!» Так Я сказаў табе: «у крыві тваёй жыві!»
7 Памножыў цябе як польныя расьліны; ты вырасла і зрабілася вялікая, і дасягнула найвыдатнейшай прыгажосьці; падняліся грудзі, і валасы ў цябе вырасьлі; але ты была голая і ненакрытая.
8 І праходзіў Я міма цябе, і вось, гэта быў час твой, час любові; і раскінуў Я раскрыльле шатаў Маіх на цябе і накрыў галізну тваю; і прысягнуў табе і ўступіў у спрымірэнства з табою, кажа Гасподзь Бог, — і ты стала Маёю.
9 Абмыў Я цябе вадою і змыў зь цябе кроў тваю і памазаў цябе алеем.
10 І надзеў на цябе ўзорыстую сукенку і абуў цябе ў саф’янавыя сандалі, і аперазаў цябе вісонам і накрыў цябе шаўковым пакрывалам.
11 І ўбраў цябе ў строі і паклаў на рукі твае запясьці і на шыю тваю — пацеркі.
12 І даў табе колца на твой нос і завушніцы — да вушэй тваіх і на галаву тваю — цудоўны вянок.
13 Так упрыгожвалася ты золатам і срэбрам, і вопратка твая была вісон і шоўк і ўзорыстая тканіна; кармілася ты хлебам з найлепшай пшанічнай мукі, мёдам і алеем, і была вельмі-вельмі прыгожая і дасягнула царскай велічы.
14 І пранеслася па народах слава твая дзеля прыгажосьці тваёй, бо яна была цалкам дасканалая пры тых цудоўных строях, якія Я ўсклаў на цябе, кажа Гасподзь Бог.
15 Але ты паспадзявалася на прыгажосьць тваю і, карыстаючыся славаю тваёю, пачала блудадзейнічаць і накідала блудадзейства тваё на кожнага, хто праходзіў міма, аддаючыся яму.
16 І ўзяла з вопраткі тваёй і зрабіла сабе каляровыя ўзвышэньні і блудадзеяла на іх, як ніколі ня здарыцца і ня будзе.
17 І ўзяла строевыя твае рэчы з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе мужчынскія выявы і блудадзейнічала зь імі.
18 І ўзяла ўзорыстыя сукенкі твае і апранула іх у іх, і ставіла перад імі алей Мой і фіміям Мой,
19 і хлеб Мой, які Я даваў табе, пшанічную муку і алей і мёд, якімі Я карміў цябе, ты ставіла перад імі ў прыемныя пахошчы; і гэта было, кажа Гасподзь Бог.
20 І ўзяла сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і прыносіла ў ахвяру, каб яны іх зьелі. Ці мала было табе блудадзейнічаць?
21 Але ты і сыноў Маіх заколвала і аддавала ім, праводзячы іх праз агонь.
22 І пры ўсіх тваіх гідотах і блудадзействах тваіх ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй, калі ты была голая і ненакрытая і кінутая ў крыві тваёй на патаптаньне.
23 І пасьля ўсіх зладзействаў тваіх, — гора, гора табе! кажа Гасподзь Бог,
24 ты збудавала сабе блудзільні і нарабіла сабе ўзвышэньняў на кожнай плошчы;
25 на пачатку кожнай дарогі нарабіла сабе ўзвышэньняў, ганьбіла прыгажосьць тваю і раскідвала ногі твае кожнаму, хто праходзіў міма, і памножыла блудадзействы твае.
26 Блудадзеяла з сынамі Егіпта — суседзямі тваімі, людзьмі рослымі — і памножыла блудадзействы твае, гневаючы Мяне.
27 І вось, Я працягнуў на цябе руку Маю і паменшыў назначанае табе і аддаў цябе сваволі дачок Філістымскіх, якія ненавідзяць цябе і пасаромеліся саромных паводзінаў тваіх.
28 І блудадзеяла ты з сынамі Асура — і не насыцілася, блудадзеяла зь імі, але тым не задаволілася;
29 і памножыла блудадзействы твае ў зямлі Ханаанскай да Халдэі, але і там не задаволілася.
30 Як стомлена павінна быць сэрца тваё, кажа Гасподзь Бог, калі ты ўсё гэта рабіла, бы неакілзаная блудадзейка!
31 Калі ты будавала сабе блудзільні на пачатку кожнай дарогі і рабіла сабе ўзвышэньні на кожнай плошчы, ты была не як блудадзейка, бо ты адхіляла дарункі,
32 а як жанчына-пералюбніца, якая прымае замест свайго мужа чужых.
33 Усім блудадзейкам даюць дарункі, а ты сама давала дарункі ўсім палюбоўнікам тваім і падкупляла іх, каб яны з усіх бакоў прыходзілі да цябе блудадзеяць з табою.
34 У цябе ў блудадзействах тваіх было супраціўнае таму, што бывае з жанчынамі: не за табою ганяліся, а ты давала дарункі, а табе не давалі дарункаў; і таму ты рабіла супраціўна іншым.
35 Таму паслухай, блудадзейка, слова Гасподняе!
36 Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты так сыпала грошы твае і ў блудадзействах тваіх адкрывалася галізна твая перад палюбоўнікамі тваімі і перад усімі мярзотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты аддавала ім,
37 за тое вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якімі ты распацешвалася і якіх ты кахала, з усімі тымі, якіх ненавідзела, і зьбяру іх адусюль супроць цябе і адкрыю перад імі галізну тваю — і ўбачаць усю сарамату тваю.
38 Я буду судзіць цябе судом пералюбніц і тых, што праліваюць кроў, — і аддам цябе крывавай лютасьці і рэўнасьці;
39 аддам цябе ў рукі іх, — і яны разбураць блудзільні твае, і раскідаюць узвышэньні твае, і сарвуць зь цябе вопратку тваю, і возьмуць уборы твае, і пакінуць цябе голую і ненакрытую.
40 І склічуць на цябе сход і паб’юць цябе камянямі і перасякуць цябе мечамі сваімі,
41 спаляць дамы твае агнём і ўчыняць над табою суд на вачах у многіх жанчын; і пакладу канец блудадзейству твайму, і ня будзеш ужо даваць дарункаў.
42 І спатолю табою гнеў Мой, і адступіць ад цябе абурэньне Маё, і супакоюся і ўжо ня буду гневацца.
43 За тое, што ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй і ўсім гэтым раздражняла Мяне, вось, і Я паводзіны твае абярну на галаву тваю, кажа Гасподзь Бог, каб ты не аддавалася болей распусьце пасьля ўсіх тваіх мярзотаў.
44 Вось, кожны, хто гаворыць выслоўямі, можа сказаць пра цябе: «якая маці, такая і дачка».
45 Ты — дачка ў маці твае, якая кінула мужа свайго і дзяцей сваіх, і ты — сястра ў сёстраў тваіх, якія кінулі мужоў сваіх. Маці ваша Хэтэянка, і бацька ваш Амарэй.
46 А большая сястра твая — Самарыя, якая з дочкамі сваімі жыве зьлева ад цябе; а меншая сястра твая, якая жыве справа ад цябе, ёсьць Садома з дочкамі яе.
47 Але ты і ня іхнімі шляхамі хадзіла і не паводле іхніх мярзотаў чыніла; гэтага было мала; ты паводзілася распусьней за іх на ўсіх шляхах тваіх.
48 Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; Садома, сястра твая, не рабіла таго сама і яе дочкі, што рабіла ты і дочкі твае.
49 Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дочак яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала,
50 І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх.
51 І Самарыя палавіны грахоў тваіх не награшыла; ты пераўзышла іх мярзотамі тваімі, і праз твае мярзоты, якія рабіла ты, сёстры твае апынуліся справядлівейшыя за цябе.
52 Нясі ж пасаромленьне тваё і ты, якая асуджала сёстраў тваіх; паводле грахоў тваіх, якімі ты зганьбіла сябе больш за іх, яны справядлівейшыя за цябе. Чырваней жа ад сораму і ты, і нясі пасарамленьне тваё, як апраўданьне сёстраў тваіх.
53 Але Я вярну іхні палон, палон Садомы і дочак яе, палон Самарыі і дочак яе, і паміж імі палон паланёных тваіх,
54 каб ты несла пасарамленьне тваё і саромелася ўсяго таго, што рабіла, служачы ім суцяшэньнем.
55 І сёстры твае, Садома і дочкі яе, вернуцца ў ранейшы свой стан; і Самарыя і дочкі яе вернуцца ў ранейшы стан свой, і ты і дочкі твае вернецеся ў ранейшы стан ваш.
56 Пра сястру тваю Садому і згадкі ня было ў вуснах тваіх у дні ганарлівасьці тваёй,
57 пакуль не адкрыта была бязбожнасьць твая, як у час пасарамленьня ад дочак Сірыі і ўсіх навакольных яе, ад дочак Філістымы, якія глядзелі на цябе з пагардай з усіх бакоў.
58 За распусту тваю і за мярзоты твае церпіш ты, кажа Гасподзь.
59 Бо так кажа Гасподзь Бог: Я зраблю з табою, як рабіла ты, патаптаўшы прысягу парушэньнем спрымірэнства.
60 Але Я прыгадаю спрымірэнства Маё з табою ў дні маладосьці тваёй, і аднаўлю з табою вечнае спрымірэнства.
61 І ты ўзгадаеш пра шляхі твае, і будзе сорамна табе, калі пачнеш прымаць да сябе сёстраў тваіх, большых за цябе, як і меншых за цябе, і калі Я буду даваць табе іх у дочкі, а не ад твайго спрымірэнства.
62 Я аднаўлю спрымірэнства Маё з табою, і ўведаеш, што Я — Гасподзь,
63 дзеля таго, каб ты памятала і саромелася, і каб наперад нельга было табе і рота разьзявіць ад сораму, калі Я дарую табе ўсё, што ты рабіла, кажа Гасподзь Бог.
Иезекииль 16 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча