Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 16 глава

1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, паведамі Ерузаліму пра яго агіднасці
3 і скажы: гэта кажа Госпад Бог да Ерузаліма: “Паходжанне тваё і нараджэнне тваё — з зямлі Ханаан, бацька твой — амарэй, і маці твая — хетэйка.
4 І калі ты нарадзілася, у дзень народзінаў тваіх не абрэзалі табе пупавіны, і не абмылі цябе ў вадзе, каб цябе ачысціць, і не нацёрлі цябе соллю, і не спавілі цябе ў пялюшкі.
5 Не пашкадавала цябе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адно з гэтага з літасці да цябе, але ў дзень твайго нараджэння выкінулі цябе на паверхню зямлі з абыякавасцю да душы тваёй.
6 А праходзячы каля цябе, Я ўбачыў, што ты трапечашся ў крыві сваёй, і сказаў Я табе, калі была ты ў крыві сваёй: “Жыві! Кажу табе: жыві ў крыві сваёй”.
7 Вырасціў Я цябе, як парастак палявы, і вырасла, і стала дарослай, і прыйшла ты ў свет жаночы: грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталі густымі; але была ты голая ды поўная сораму.
8 І прайшоў Я каля цябе, і ўбачыў цябе; і вось, твой час, і час кахаючых. І расцягнуў Я плашч Свой над табою, і закрыў твой сорам; і звязаўся з табою прысягай, і ўвайшоў з табою ў запавет, — кажа Госпад Бог, — і стала ты Маёю.
9 І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем;
10 і апрануў цябе ў рознакаляровыя шаты, і абуў цябе ў чаравікі з сіняй скуры, і падперазаў цябе вісонам, і пакрыў цябе ядвабам.
11 І Я ўпрыгожыў цябе ўпрыгажэннем, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае і каралі — на шыю тваю,
12 і даў кольца над вусны твае, і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю.
13 І ўбраная была ты ў золата і срэбра, і апранутая ў вісон і ядваб і ў рознакаляровыя шаты. Ела ты найчысцейшую муку, і мёд, і алей, і зрабілася вельмі прыгожай, і дасягнула годнасці царскай.
14 І ўславілася імя тваё між народамі дзеля тваёй прыгажосці, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгажэння Майго, якое Я ўсклаў на цябе, — кажа Госпад Бог.
15 І, маючы надзею на сваю прыгажосць, скарыстала славу сваю дзеля распусты, і распуснічала ты з кожным праходзячым, хто сустрэўся,
16 і назбірала ты сваіх шатаў, і зрабіла сабе ўзгоркі ў розныя колеры, і займалася распустаю на іх, якой не было раней і не будзе.
17 І ўзяла ты рэчы ўпрыгажэння твайго з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе выявы мужчынскія, і з імі займалася распустай.
18 І ўзяла ты свае рознакаляровыя шаты, і накрыла іх, і таксама Мой алей і Маё кадзіла пакладала перад імі.
19 І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я выкарміў цябе, ты ўсклала перад імі на мілы пах, і гэта адбылося, — кажа Госпад Бог.
20 І ўзяла сыноў сваіх і дачок сваіх, якіх нарадзіла Мне, і ўсклала ў ахвяру ім на знішчэнне. Ці ж малая распуснасць твая?
21 Усклала ты ў ахвяру дзяцей Маіх, і аддала іх, ахвяруючы ім.
22 І па ўсіх агіднасцях сваіх і распуснасці забылася ты на дні маладосці сваёй, калі была ты голай і поўнай сораму і трапяталася ў крыві сваёй.
23 І сталася пасля ўсіх злачынстваў тваіх — гора, гора табе! — кажа Госпад Бог, —
24 і пабудавала ты сабе палаткі чужаложства, і зрабіла сабе ўзгоркі на кожнай вуліцы;
25 на кожным скрыжаванні дарог пабудавала ты сабе сваё ўзнятае месца, і апаганіла сваю прыгажосць, і расхінала ногі свае з кожным праходзячым ды памнажала сваю чужаложнасць.
26 І чужаложыла ты са сваімі суседзямі, егіпцянамі высокімі, і павялічвала разбэшчанасць сваю, каб гнявіць Мяне.
27 Вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, і зменшыў ежу табе, і выдаў цябе ў рукі ненавідзячым цябе, дочкам філістынскім, якія саромеюцца дзеля распусты тваёй.
28 І распуснічала ты з сынамі асірыйцаў, бо яшчэ не была задаволена; і пасля таго, як займалася распустай, так і гэтым не задаволілася.
29 І павялічыла ты распуснасць сваю аж да купецкага краю халдэяў, і гэтым не задаволілася.
30 Як ачышчу Я сэрца тваё, — кажа Госпад Бог, — калі дапускалася ты ўсіх гэтых учынкаў бессаромнай жанчыны і распусніцы?
31 Бо распуснічала ты на скрыжаванні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы; і не стала, як блудніца, каб браць плату за распусту,
32 але як жанчына-чужаложніца замест свайго мужа прымае іншых.
33 Усім распусніцам даецца плата, а ты ўсім сваім палюбоўнікам давала плату і дарыла ім падарункі, каб прыходзілі да цябе зусюль і распуснічалі з табою.
34 І сталася ў цябе адваротна звычаю гэтых жанчын у распусце тваёй, і ніхто не гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не аднагароджваў, сталася ў цябе наадварот.
35 Дзеля таго, распусніца, слухай слова Госпада!”»
36 Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што былі растрачаны грошы твае і за тое, што аголены быў твой сорам у распусце тваёй з тваімі палюбоўнікамі і з усімі тваімі агіднымі ідаламі, і за кроў тваіх сыноў, якіх ты аддала ім,
37 таму, вось, Я збяру ўсіх тваіх палюбоўнікаў, якім ты спагадвала, ды ўсіх тых, каго ты любіла, з усімі, каго ненавідзела; і збяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю сорам твой перад імі, і ўбачаць яны ўсю тваю агіднасць.
38 І Я буду судзіць цябе, як судзяцца чужаложніцы і забойцы, і выдам цябе ў кроў абурэння і руплівасці.
39 І аддам цябе ў іх рукі, і яны зруйнуюць твае палаткі распусты, і разбураць твае ўзгоркі, і распрануць цябе з тваіх шатаў, і забяруць пасудзіны ўбрання твайго, і пакінуць цябе голаю і поўнаю сораму.
40 І склічуць супраць цябе сход, і ўкамянуюць цябе, і мечамі сваімі пасякуць цябе на часткі.
41 І дамы твае спаляць агнём, і здзейсняць на цябе прысуды на вачах вельмі многіх жанчын; і Я спыню тваю распуснасць, ды ўжо больш ты не будзеш даваць падарункаў за распусту.
42 І заспакою Я Мой гнеў на цябе ды адвяду лютасць Маю ад цябе; і супакоюся, і ўжо болей не буду гневацца.
43 За тое, што ты забылася на дні маладосці сваёй і ўсімі ўчынкамі давяла Мяне да гневу, Я ў сваю чаргу абярну шляхі твае на галаву тваю, — кажа Госпад Бог, — і не зрабіў Я паводле злачынстваў тваіх ва ўсіх тваіх агіднасцях.
44 Вось, кожны, хто гаворыць народу прыказаку пра цябе, скарыстае яе, кажучы: “Якая маці, такая і дачка яе”.
45 Сапраўды, ты — дачка сваёй маці, якая пагрэбавала сваім мужам і сваімі дзецьмі; і ты — сястра сваіх сясцёр, якія пагрэбавалі сваімі мужамі і сваімі дзецьмі. Маці ваша была хетэйка, а бацька ваш — амарэй.
46 І тваёй старэйшай сястрой была Самарыя, пражываючая налева ад цябе разам са сваімі дочкамі; а тваёй малодшай сястрой была Садом разам са сваімі дочкамі, што жыла направа ад цябе.
47 Але ты не хадзіла шляхамі іх, ані рабіла паводле злачынстваў іх; як быццам гэтага было мала, ты рабіла горшыя злачынствы, чым яны, ва ўсіх шляхах тваіх.
48 Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — твая сястра Садом разам са сваімі дочкамі не рабіла так, як ты рабіла са сваімі дочкамі.
49 Вось, такая была правіннасць сястры тваёй Садом: адзначаліся яна і дочкі яе пыхаю, ненасытнасцю і гультайствам; і не падтрымлівалі яны руку беднага і нешчаслівага,
50 і ўбіліся ў пыху, і дапусціліся агіднасцей адносна Мяне, і Я адкінуў іх, як ты гэта бачыла.
51 І Самарыя не дапусцілася і паловы грахоў тваіх, а ты перасягнула іх сваімі злачынствамі і апраўдала сваіх сясцёр усімі агіднасцямі, якіх дапусцілася.
52 Дык ты таксама нясі ганьбу сваю, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр сваімі грахамі, горшымі за іх; былі бо яны табою апраўданыя. Дык і ты засаромейся і нясі сваю ганьбу, ты, якая апраўдала сваіх сясцёр.
53 І я адмяню іх долю, долю Садом і яе дачок, а таксама долю Самарыі і яе дачок; і тваю долю адмяню сярод іх,
54 каб несла ты ганьбу сваю ды была асаромленая з прычыны ўсяго таго, чаго дапусцілася, прыносячы ім суцяшэнне.
55 І твая сястра Садом, і яе дочкі вернуцца да першага стану свайго, і Самарыя са сваімі дочкамі вернецца да свайго папярэдняга стану, і ты, і дочкі твае вернецеся да папярэдняга стану вашага.
56 Ці ж у днях тваёй пыхі не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом,
57 перш чым ганьба твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасмешышчам для дачок Сірыі і для ўсіх, хто кругом цябе жыве, для дачок філістынскіх, якія пагарджаюць табою.
58 Ты адкажаш за свае злачынствы і ганьбу,— кажа Госпад».
59 Вось што кажа Госпад Бог: «І зраблю Я з табою так, як зрабіла ты, якая адцуралася ад прысягі, каб разарваць запавет.
60 І Я ўспомню запавет, які заключыў з табою ў дні маладосці тваёй, ды пастаўлю з табою запавет вечны.
61 І ты ўзгадаеш на дарогі свае і засаромеешся, калі прымеш сясцёр тваіх, як старэйшых, так і малодшых за цябе, і дам іх табе за дочак, але не паводле заключанага з табой запавету.
62 І аднаўлю Я Мой запавет з табой, і ты даведаешся, што Я — Госпад,
63 каб памятаць і саромецца, ды каб з-за свайго сораму не адкрываць больш вуснаў сваіх тады, калі прабачу табе ўсё, што ты зрабіла», — кажа Госпад Бог.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.