Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Евреям 2 глава

1 Дзеля гэтага трэба нам асабліва ўважаць на чутае, каб часам не адпасьці.
2 Бо, калі, сказанае праз Ангелаў слова было цьвёрдае, і ўсякі праступак і непаслухмянства даставалі справядлівую адплату,
3 дык як мы ўцячэм, (мы), што ня рупіліся аб гэткае збаўле́ньне, якое, апавяшча́нае спачатку Госпадам, умацована ў нас ад тых, што ад Яго чулі,
4 пры сьве́дчаньні Богам праз знаме́ньні і цуды і розныя сілы, ды праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
5 Бо не для Ангелаў пакарыў Бог будучы сусьве́т, аб якім гаворым;
6 засьве́дчыў жа не́хта не́дзе, кажучы: Што́ ёсьць чалаве́к, што памятаеш аб ім, ці сын чалаве́чы, што адве́дваеш Яго?
7 Мала Ты панізіў яго перад Ангеламі; славай ды чэсьцю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх;
8 усё пакарыў Ты пад ногі яго (Псальм 8:5−7). Калі-ж пакарыў Яму ўсё, дык нічога не пакінуў непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб усё было пакорна яму;
9 але бачым, што Ісус, мала чым ума́лены перад Ангеламі, за муку сьме́рці ўве́нчаны славай і чэсьцю, каб з ласкі Божае спазнаў сьме́рць за ўсіх.
10 Бо трэба было, каб Той, праз Якога ўсё і Кім усё, Таго, Хто прывёў многіх сыноў у славу, Павадыра збаўле́ньня іх, праз мукі завяршыў.
11 Бо і той, хто асьвяча́е, і тыя, што асьвяча́юцца, усе́ — ад Аднаго; дзеля гэтага Ён не сароміцца называць іх братамі, кажучы:
12 Абвяшчу імя Твае́ братом Маім, пасярод царквы́ засьпяваю гымн Табе́ (Псальм 21:23).
13 І яшчэ: Я буду спадзявацца на Яго. І яшчэ: Вось я і дзе́ці, якіх даў мне́ Бог (Ісая 8:17−18).
14 Калі-ж дзе́ці сталіся супольнікамі це́ла і крыві, дык і Ён таксама супольнік іх, каб праз сьме́рць зьнішчыць таго, хто ма́е ўладу над сьме́рцяй, гэта ёсьць д’ябала,
15 і збавіць тых, якія ад страху сьме́рці праз усё жыцьцё былі адданы пад уладу рабству.
16 Бо запраўды ня Ангелаў прыймае Ён, але насе́ньне Аўраа́мавае прыймае.
17 Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім падобным стацца да братоў, каб быць міласэрным і ве́рным Архірэем перад Богам, каб ачысьціць грахі народу;
18 бо, як Сам Ён, спакуша́ны, цярпе́ў, дык і можа спакушаным дапамагчы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.